Надрукаваць гэтую старонку
Субота, 26 Красавік 2025 13:44

Навуковая бібліятэка Купалаўскага ўніверсітэта традыцыйна далучылася да Міжнароднай акцыі «Бібліяноч»

IMG 566325 красавіка ў Беларусі прайшла культурна-асветніцкая акцыя ў падтрымку чытання «Бібліяноч-2025». У гэты вечар бібліятэкі пашырылі фармат сваёй працы і прапанавалі наведвальнікам незвычайную культурную праграму. У праграме мерапрыемстваў навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта адбыліся займальныя пляцоўкі, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Вечар. Пятніца. Бібліятэка… Учора ў кожнага гродзенца была магчымасць правесці вечар пятніцы ва ўтульнай і душэўнай абстаноўцы навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта. Тут гасцей чакалі творчыя нумары і майстар-класы, лекцыі і экскурсіі, гульні для дзяцей і дарослых.

«Бібліяноч» "Шляхі Вялікай Перамогі" пачала сваю праграму ў 18.00 у фае галоўнага корпуса ГрДУ імя Янкі Купалы і сабрала гасцей усіх узростаў.

Адкрыла мерапрыемства рэктар універсітэта, доктар гістарычных навук Ірына Кітурка:

– «Бібліяноч» – гэта вялікі гонар нашага ўніверсітэта. Сёння бібліятэка перастае быць той бібліятэкай, якой яна была раней. Сёння гэтае структурнае падраздзяленне, якое не проста сее добрае, разумнае, вечнае разам з нашымі выкладчыкамі, але і праводзіць вельмі шмат цікавых мерапрыемстваў.

Яна нагадала, што першую «Бібліяноч» на гродзенскай зямлі правяла менавіта навуковая бібліятэка Купалаўскага ўніверсітэта, і выказала падзяку ўсім супрацоўнікам, якія маюць дачыненне да арганізацыі гэтага мерапрыемства.

Таксама рэктар адзначыла актуальнасць тэмы акцыі гэтага года:

– Калі немцы захапілі горад Гродна, тут, ва ўніверсітэце, яны зрабілі свой шпіталь і спалілі ўвесь бібліятэчны фонд. Сто першых студэнтаў нашага ўніверсітэта, а тады інстытута, сышлі на фронт, з іх вярнуўся толькі адзін. З тых часоў мінула 80 гадоў, і, здаецца, трошкі сціх боль, але засталася памяць і падзяка тым, хто коштам свайго жыцця, маладосці даў магчымасць нам жыць у мірнай краіне.

Ірына Фёдараўна пажадала ўсім удзельнікам цікавых майстар-класаў, станоўчых эмоцый і каб кожны пасля мерапрыемства ў сваім сэрцы забраў з сабой кавалачак Купалаўскага ўніверсітэта.

Прывітаў удзельнікаў і дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько. Ён выказаў упэўненасць, што маленькія госці мерапрыемства абавязкова стануць у будучым студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Музычна-танцавальную праграму прадставіў творчы калектыў гімназіі № 5 імя У.С. Караткевіча г. Гродна. Маладыя артысты прадэманстравалі свае таленты, падарылі незабыўныя эмоцыі і добры настрой усім прысутным.

У гэты вечар удзельнікі мерапрыемства змаглі адчуць атмасферу 1945-га. Яны пагрузіліся ў эпоху ваеннага часу на пляцоўцы «Аты-баты, ішлі салдаты», дзе прайшла дэманстрацыя ваеннага побыту і палявой кухні. Даведаліся больш пра горад Гродна ў гады вайны на навукова-папулярнай пляцоўцы «Падарожжа ў ваенны Гродна» і праспявалі разам папулярныя ваенныя песні.

Для аматараў інтэлектуальных гульняў арганізатарамі была падрыхтавана віктарына «Дарога да Перамогі: пытанні і адказы», дзе кожны змог праверыць свае веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, хлопцы наведалі майстар-клас «Сімвал Перамогі» і стварылі сваімі рукамі ўнікальныя работы, а аквагрым на пляцоўцы «Баявая размалёўка» дазволіў ім стаць сапраўднымі героямі.

Цяжка ўявіць «Бібліяноч» без яе галоўных атрыбутаў – кніг. Аматары кніг змаглі атрымаць асалоду ад кніжных выставаў «Партызанскія сцежкі», «Была вайна… Была Перамога!!!» і выставы-віктарыны «Яны змагаліся за Радзіму». Тут былі прадстаўлены творы аб лёсах герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Напрыканцы «Бібліяначы-2025» адбылася акцыя «Праспяваем песню "Дзень Перамогі" разам», якая напоўніла сэрцы ўдзельнікаў пачуццём гонару і павагі да подзвігу продкаў, якія пралівалі кроў за наша чыстае мірнае неба.

Адзначым, усяго да рэспубліканскай акцыі «Бібліяноч-2025» далучыўся 81 горад Беларусі і 96 бібліятэк.