Ужо тыдзень 20 навучэнцаў з сярэдняй школы № 7 горада Ваўкавыска знаёмяцца з Купалаўскім універсітэтам, правяраюць свае веды і проста весела бавяць час. Шматпрофільная летняя школа «Купалаўскі старт» для школьнікаў – гэта выдатная магчымасць азнаёміцца з універсітэцкім асяроддзем, вызначыцца з выбарам будучай прафесіі і атрымаць матывацыю на падрыхтоўку да паступлення.
– Я ў захапленні! Вельмі цікава знаёміцца з рознымі факультэтамі, слухаць лекцыі па прадметах, – дзеліцца ўдзельніца летняй школы «Купалаўскі старт» Крысціна Адамовіч. – Цяпер я дакладна ўпэўнена, што буду паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Нагадаем, Купалаўскі ўніверсітэт стаў першым у рэспубліцы, хто на базе ўстановы вышэйшай адукацыі адкрыў такую школу.
– Гэта актуальна, мы ідзем заўсёды ў нагу з часам. У параўнанні з мінулым годам мы крыху ўскладнілі праграму, што дазволіла школьнікам праверыць узровень сваіх ведаў. Сёння хлопцы наведалі майстар-клас па рускай філалогіі, тым самым крыху падрыхтаваліся да маючых адбыцца іспытаў, – адзначыла начальнік цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Лапкоўская.
Удзельнікаў чакае яшчэ шмат цікавых трэнінгаў, экскурсій і мазгавых штурмаў. Нагадаем, шматпрофільная летняя школа «Купалаўскі старт» пачала сваю працу ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 7 ліпеня і працягнецца да 17 ліпеня.