У першы дзень работы ВНС Кіраўнік дзяржавы звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Аляксандр Лукашэнка выказаўся па шырокім спектры пытанняў, уключаючы абстаноўку вакол краіны і міжнародную тэматыку.
Асноўнае пытанне другога дня пасяджэння ВНС - разгляд і зацвярджэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады. Дакумент прадставіў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын. Паводле яго слоў, рэалізацыя прыярытэтаў Праграмы дасць магчымасць грамадзянам адчуць рэальныя змяненні ў паляпшэнні якасці свайго жыцця ўжо на гарызонце пяці гадоў. Рашэнне па зацвярджэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады было прынята дэлегатамі аднагалосна.
Нагадаем, дакументам вызначана сем прыярытэтаў: нацыянальная дэмаграфічная бяспека - захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям'і; развіццё чалавечага патэнцыялу, якасная адукацыя, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы; стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця; рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця і лічбавая трансфармацыя. Таксама ў ліку прыярытэтаў і моцныя рэгіёны; умацаванне абараназдольнасці дзяржавы і развіццё абароннага сектара эканомікі; рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу.
Акрамя таго, на парадку другога дня ВНС шляхам тайнага галасавання быў абраны член Прэзідыума ВНС (замест Канстанціна Бурака, прызначанага ў красавіку 2025 года памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Гродзенскай вобласці). Ім стаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка.
На пасяджэнні ВНС таксама былі разгледжаны і іншыя пытанні, сярод якіх - кадравыя пытанні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Старшынёй Вярхоўнага Суда Беларусі абраны Андрэй Швед, які да гэтага часу займаў пасаду генеральнага пракурора Беларусі. Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Беларусі абраны Сяргей Сівец.
Заўтра, 20 снежня, адбудзецца сустрэча дэлегатаў ВНС з калектывам Купалаўскага ўніверсітэта па выніках працы галоўнай палітычнай падзеі краіны.
Па матэрыялах БелТА.