Старт святу дало ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. Да гасцей звярнуўся першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі, які перадаў цёплыя пажаданні ад рэктара Ірыны Кітурка і ўручыў падзяку Даніілу Кулікоўскіх, прадстаўніку адукацыйнага цэнтра «Яацянь».
Як расказаў прарэктар па вучэбнай працы Лявонцій Паўлаў, першапачаткова Кітайскі Новы год святкаваўся ў рамках факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, але зараз урачыстасць набыла ўніверсітэцкі маштаб. Гэтаму садзейнічала жаданне студэнтаў, а таксама адкрыццё Кітайска-беларускага цэнтра па рэалізацыі праекта "Бан Мо (Рубен.Мазі) каледж" у напрамку "Дашкольная адукацыя". Гэта падзея стала важным крокам ва ўмацаванні сувязей паміж Беларуссю і Кітаем у сферы адукацыі.
Пасля афіцыйнага адкрыцця святочных мерапрыемстваў адбыліся майстар-класы, якія сталі праваднікамі ў свет усходняй культуры. Удзельнікі змаглі дакрануцца да кітайскіх традыцый і прасякнуцца тонкім і прыгожым мастацтвам Паднябеснай. Госці свята атрымалі ўрокі ігры на традыцыйных кітайскіх інструментах, прапусцілі праз сябе матывы вялікага Кітая.
Не менш цікавым стаў майстар-клас, прысвечаны выразанню з паперы. У кітайскай культуры гэты асобны напрамак, які называецца цзяньчжы. Гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва аднесены ЮНЕСКА да сусветнай культурнай спадчыны. Працы па складанасці бываюць самыя розныя, найболей майстэрскія нагадваюць карункі. Купалаўцы з вялікім задавальненнем паспрабавалі свае сілы ў гэтай карпатлівай справе.
Важная частка кітайскай культуры - чайная цырымонія, якая мае гісторыю працягласцю ў некалькі тысяч гадоў. Ёй таксама быў прысвечаны майстар-клас, які правялі прадстаўнікі адукацыйнага цэнтра "Яацянь".
Акрамя таго, у фае другога паверха была арганізавана выстава работ удзельнікаў конкурсаў, прысвечаных святкаванню Кітайскага Новага года. Тут госці змаглі ўбачыць крэатыўныя і арыгінальныя творы, якія адлюстроўваюць дух свята і натхненне студэнтаў.
Завяршыўся святочны дзень яскравым канцэртам, які падрыхтавалі кітайскія студэнты. Мерапрыемства стала яркім акордам гэтага насычанага дня. А адбылося гэтае свята дзякуючы Цэнтру інтэрнацыяналізацыі адукацыі, факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму і Гуманітарнаму каледжу ГрДУ імя Янкі Купалы.