Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 11 Лістапад 2025 08:50

У Купалаўскім універсітэце працягваюцца сустрэчы студэнтаў з заказчыкамі кадраў

8G0A8174Восень у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы стала часам актыўнага дыялогу паміж студэнтамі і патэнцыйнымі працадаўцамі. Цягам месяца прадстаўнікі вядучых прадпрыемстваў і дзяржаўных органаў праводзілі сустрэчы з будучымі выпускнікамі. Мерапрыемствы ахапілі самыя розныя факультэты і спецыяльнасці.

Чараду сустрэч пачаў факультэт біялогіі і экалогіі. 10 кастрычніка студэнты 1 курса спецыяльнасці «Фундаментальная і прыкладная біятэхналогія» і 4-5 курсаў спецыяльнасці «Біялогія (біятэхналогія)» сустрэліся з вядучым спецыялістам па развіцці ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» Мікалаем Кузняцовым. Прадстаўнік арганізацыі расказаў студэнтам аб прадпрыемстве, яго вытворчасці і планах па развіцці.

Для студэнтаў спецыяльнасці «Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання» прайшоў шэраг сустрэч, каб бліжэй пазнаёміць будучых выпускнікоў са спецыфікай арганізацый, дзе яны могуць працаваць. 2 кастрычніка для іх прайшла сустрэча з намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні Гродзенскага каледжа галіновых тэхналогій Зояй Хмаль. На мерапрыемстве прысутнічала 28 студэнтаў. 9 кастрычніка 15 будучых выпускнікоў сустрэліся з прадстаўнікамі СУП «АзотСэрвіс», сярод якіх быў дырэктар прадпрыемства – Павел Лісоўскі. 10 кастрычніка для 15 студэнтаў спецыяльнасці «Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання» была арганізавана сустрэча з загадчыкам кафэ «Раяль» ДУК «Гродзенская абласная філармонія» Інай Валчкевіч.

23 кастрычніка 25 студэнтаў выпускнога курса спецыяльнасці «Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)» сустрэліся з прадстаўніком упраўлення адукацыі Таццянай Валенцейчык. Яна падрабязна растлумачыла студэнтам працэдуру размеркавання, а таксама расказала пра абавязкі, правы і будучыя перспектывы для маладых спецыялістаў.

5 лістапада адбылася сустрэча студэнтаў 1, 2 і 4 курсаў спецыяльнасцей «Біялогія» і «Экалогія» з прадстаўніком ДПУ «Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Азёры»». Дырэктар арганізацыі Дзмітрый Марозік расказаў студэнтам аб спецыфіцы работы прыродаахоўных арганізацый, ахове прыроды, арганізацыі экалагічнага турызму і рэкрэацыі на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. Таксама ён паведаміў аб унікальным турыстычным маршруце «Запаведны шлях» і аб рабоце студэнцкага атрада факультэта біялогіі і экалогіі на базе заказніка. Сустрэча выклікала ў будучых выпускнікоў жывую цікавасць.

31 кастрычніка на юрыдычным факультэце прайшла прафарыентацыйная сустрэча студэнтаў 3-4 курсаў спецыяльнасцей «Правазнаўства»«Міжнароднае права» і «Эканамічнае права» з начальнікам упраўлення кадраў і ідэалагічнай работы УСК Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці Алегам Дараганавым і галоўным інспектарам кіравання Арцёмам Рэкішам. Яны расказалі будучым правазнаўцам аб правілах працаўладкавання і ўмовах службы ў органах следства, магчымасцях і гарантыях, якія адкрываюцца перад маладымі спецыялістамі, магчымасцях праходжання практыкі і стажыроўкі ў органах. Таксама яны растлумачылі, якія патрабаванні прад'яўляюцца да работнікаў органаў следства. У канцы сустрэчы прадстаўнікі УСК Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў Купалаўскага універсітэта, якія ўжо працуюць у іх, і адказалі на пытанні, якія з'явіліся ў студэнтаў.

5 лістапада на факультэце матэматыкі і інфарматыкі прайшла сустрэча студэнтаў 3 курса спецыяльнасці «Праграмная інжынерыя» з прадстаўнікамі ТАА «Сакцэс». Ад кампаніі на сустрэчы прысутнічалі офіс-менеджэр Ірына Шабас і інжынер-праграміст кампаніі, а таксама выпускнік факультэта матэматыкі і інфарматыкі Валянцін Завізіён. Госці расказалі будучым выпускнікам аб дзейнасці капанні, якая спецыялізуецца на распрацоўцы праграм на платформе Salesforce, асаблівасцях працы на платформе і магчымасцях студэнтаў працаўладкавацца ў Беларусі па спецыяльнасці Salesforce-распрацоўшчык. Таксама студэнты даведаліся пра магчымасці праходжання практык і стажыровак у ТАА «Сакцэс». У канцы сустрэчы прадстаўнікі кампаніі адказалі на пытанні студэнтаў, уручылі ім брэндавую сувенірную прадукцыю і падзяліліся кантактамі.

Правядзенне такой маштабнай прафарыентацыйнай працы паказвае, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы працягвае актыўна працаваць над выбудоўваннем будучыні сваіх студэнтаў, даючы ім магчымасць узаемадзейнічаць з лепшымі працадаўцамі з самых розных сфер.

 

»