Конкурс праводзіцца з мэтай стымулявання навуковай, навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці маладых вучоных, а таксама стварэння ўмоў для рэалізацыі іх навуковага і творчага патэнцыялу.
Прыняць удзел можна ў адной з трох катэгорый: малады вучоны года – доктар навук; малады вучоны года – кандыдат навук; малады вучоны года – без вучонай ступені. На момант аб'яўлення конкурсу ўзрост удзельнікаў павінен складаць: да 40 гадоў для дактароў навук, да 35 гадоў – для кандыдатаў навук і да 30 гадоў – для асоб без вучонай ступені.
Пераможцы будуць вызначацца ў шасці намінацыях: гуманітарныя навукі (гістарычныя, філасофскія, філалагічныя навукі, мастацтвазнаўства і культуралогія); сацыяльна-эканамічныя і грамадскія навукі (эканамічныя, юрыдычныя, педагагічныя, псіхалагічныя, сацыялагічныя і палітычныя навукі); прыродазнаўчыя навукі (біялагічныя, фізіка-матэматычныя, хімічныя навукі і навукі аб Зямлі); медыцынскія навукі; тэхнічныя, ваенныя навукі і архітэктура; ветэрынарныя і сельскагаспадарчыя навукі.
Каб прыняць удзел у адборачным этапе, неабходна да 24 жніўня ўключна прадставіць у навукова-даследчую частку Купалаўскага ўніверсітэта (вул. Ажэшкі, 22, каб. 402, тэл.: 73-19-68) пакет дакументаў. Сярод іх: анкета ўдзельніка; справаздача аб навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці аб'ёмам не больш за тры старонкі фармату А4; копіі грамат, дыпломаў, сертыфікатаў, узнагарод і іншых дакументаў, якія пацвярджаюць заахвочванні і заслугі; спіс навуковых прац за 2025 год; колькасныя паказчыкі рэзультатаў навуковай і інавацыйнай дзейнасці за 2025 год.
Падрабязную інфармацыю аб конкурсе, а таксама правілы афармлення дакументацыі можна знайсці па спасылцы.
Запрашаем маладых навукоўцаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы заявіць пра сябе!