Дацэнт кафедры беларускай філалогіі Марыя Якалцэвіч правяла для ўдзельнікаў Летняй школы захапляльную лекцыю пра вобраз жанчыны ў беларускай параміялогіі – прыказках і прымаўках. Выбар гэтай тэмы стаў вельмі сімвалічным у Год беларускай жанчыны.
Дацэнт кафедры беларускай філалогіі Марыя Якалцэвіч правяла для ўдзельнікаў Летняй школы захапляльную лекцыю пра вобраз жанчыны ў беларускай параміялогіі – прыказках і прымаўках. Выбар гэтай тэмы стаў вельмі сімвалічным у Год беларускай жанчыны.
Вялікую зацікаўленасць заняткі выклікалі ва ўдзельніка праекта Пятра Фядосава:
– Я ўжо не першы раз прыязджаю ў Летнюю школу, таму раней чуў лекцыі Марыі Антонаўны. Гэты глыбокі лінгвістычны падыход да аналізу прыказак – сапраўды ўнікальны досвед, якога я не сустракаў у іншых месцах. Большая частка сустрэчы была прысвечана менавіта вобразу жанчыны. Мне асабліва запомнілася вельмі цёплая прыказка: «Няма той крамы, дзе прадаваліся б мамы». Яна цудоўная, бо мама – гэта заўсёды пра бязмежную любоў.
Працягам стала лекцыя дырэктара бібліятэкі Мікалая Грынько «І тчэ, забыўшыся рука…». Ён распавёў слухачам пра гісторыю слуцкіх мануфактур і сусветна вядомыя слуцкія паясы.
Удзельнікі паглыбіліся ў вывучэнне традыцыйнага беларускага строю, звярнулі асаблівую ўвагу на галаўныя ўборы і адметнасці святочнага ўбору з яго шырокімі фартухамі, карункамі і багатай вышыўкай. Навучэнцы даведаліся пра сакральны змест арнаменту: раней по вышыўцы маглі вызначыць сацыяльны статус чалавека, колькасць дзяцей у сям’і і нават майстэрства гаспадароў! А першым паяском у жыцці кожнага беларуса была тонкая скручаная тасёмка з трох нітак, якую апраналі дзіцяці адразу пасля нараджэння.
Сваімі ўражаннямі падзялілася навучэнка школы Ганна Пыхціна:
– Было надзвычай цікава даведацца так шмат пра беларускі касцюм. Мы адкрылі для сябе не толькі гісторыю паясоў, але і дакрануліся да багатага свету народнай культуры ў цэлым. Вельмі спадабалася, як гэтыя тэмы пераклікаюцца з літаратурай, бо я шчыра люблю беларускую паэзію і прозу. Асобнае задавальненне – разглядаць мноства яркіх ілюстрацый у розных мастацкіх стылях.
Адметным завяршэннем дня стаў майстар-клас па ткацтве, дзе кожны ўдзельнік змог паспрабаваць сябе ў рамястве.