Вучоная ступень: кандыдат гістарычных навук
Вучонае званне: прафесар
Пасада на момант прысваення звання: загадчык кафедры гісторыі Беларусі
Пратакол пасяджэння Савета ўніверсітэта: №1 ад 31.08.2004 г.
Кароткая біяграфія: Нарадзіўся 30 лістапада 1936 г. у вёсцы Кузявічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1959 годзе скончыў гісторыка-педагагічнай факультэт па спецыяльнасці “Гісторыя, руская мова і літаратура”. Скончыў аспірантуру кафедры гісторыі СССР Беларускага ўніверсітэта. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю “Барацьба прафсаюзаў Беларусі за развіццё хімічнай прамысловасці ў рэспубліцы ў 1959–1965 гадах”. З 1967 працаваў ва ўніверсітэце старшым выкладчыкам кафедры гісторыі СССР і БССР (1967–1972 ), сакратаром партыйнага камітэта (1972–1976 ), старшым дацэнтам (1976–1988 ). У 1988–1990 гадах – намеснік загадчыка Дома палітычнай асветы, рэктар універсітэта марксізму-ленінізму Гродзенскага абкама КПБ. З 1990 па 2008 год – загадчык кафедры гісторыі Беларусі, дэкан факультэта гісторыі і культуры (1995–2001 ), са снежня 2008 года – прафесар кафедры гісторыі Беларусі. У 1991 годзе прысвоена вучонае званне прафесара. Навуковыя інтарэсы – гісторыя эканомікі і культуры Беларусі, гісторыя палітычных партый і грамадскіх арганізацый, гісторыя гарадоў і вёсак, гісторыка-дакументальныя хронікі “Памяць”, гістарычнае краязнаўства, навукова-метадычныя праблемы вучэбнай і выхаваўчай працы ў агульнаадукацыйнай школе і ВНУ. Аўтар шэрагу асноватворных даследаванняў: “Гродна . Гісторыка-эканамічны нарыс” (у суаўт.), “Гродна . Энцыклапедычны даведнік” (у суаўт.) , “Шчучын. Гісторыка-эканамічны нарыс”, “Іўе . Гісторыка-эканамічны нарыс”, “Нарысы гісторыі Гродзенскай абласной партыйнай арганізацыі”, “Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941–1945”, “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Гістарычны нарыс” і іншыя. Аўтар больш за 320 навуковых прац, з іх 5 падручнікаў для студэнтаў па гісторыі Беларусі і Расіі, вучэбных і метадычных дапаможнікаў па выкананні студэнтамі дыпломных і пісьмовых работ, 2 вучэбных дапаможнікаў для вучняў сярэдніх школ. Навукова-педагагічная і грамадская дзейнасць прафесара І.П. Крэня адзначана прысваеннем звання “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” (2000). Званне Ганаровага прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прысвоена ў 2004 годзе. Пайшоў з жыцця 4 мая 2014 года.