Удзельнікі Школы сумесна з дацэнтам кафедры журналістыкі Анастасіяй Зязюлевіч і дацэнтам кафедры педагогікі і сацыяльнай работы Аленай Белакоз разгледзелі структурныя кампаненты іміджу ўстановы адукацыі і партрэт эфектыўнага кіраўніка.
Анастасія Зязюлевіч падкрэсліла, што імідж - гэта не проста прыгожыя карцінкі, а комплекснае паняцце, якое ўключае ў сябе мноства элементаў: вобраз кіраўніка і вобраз персаналу, вобраз адукацыйнай паслугі і вобраз яе спажыўца, сацыяльны імідж установы вышэйшай адукацыі. Спікер падрабязна спынілася на кожным з гэтых элементаў, патлумачыўшы, як яны ўплываюць на ўспрыманне ўніверсітэта. Адмысловая ўвага надала сучасным метадам канструявання іміджу. Падкрэсліла, што ў эпоху сацыяльных медыя і хуткага распаўсюджвання інфармацыі ўменне пісьменна выкарыстоўваць анлайн-платформы становіцца вельмі важным.
На канкрэтных прыкладах слухачы разгледзелі паспяховае і няўдалае пазіцыянаванне ўніверсітэтаў у сацыяльных сетках, атрымаўшы рэкамендацыі па стварэнні кантэнту, які будзе прыцягваць увагу мэтавай аўдыторыі. Не засталася без увагі і праца са СМІ. Анастасія Зязюлевіч расказала, як правільна будаваць адносіны з журналістамі, як фарміраваць інфармацыйныя нагоды і як эфектыўна даносіць да шырокай грамадскасці важныя звесткі аб дасягненнях універсітэта.
Алена Белакоз абмеркавала з удзельнікамі Школы ключавыя аспекты эфектыўнага кіраўніцтва, стыль кіраўніцтва ва ўстанове адукацыі і стратэгічныя паводзіны лідара. Асаблівую цікавасць выклікала пытанне адрознення кіраўніка ад выканаўцы.
Гэтыя абмеркаванні дапамаглі ўдзельнікам лепш зразумець сутнасць і асаблівасці кіруючай дзейнасці, вылучыць важныя аспекты структуры кіравання ў адукацыйным кантэксце і абмеркаваць стратэгічныя падыходы да лідарства. Абмен думкамі і вопытам, праведзены на сустрэчы, садзейнічаў пашырэнню ведаў і развіццю навыкаў у галіне эфектыўнага кіравання і лідарства, што важна для далейшага прафесійнага росту і поспеху ў адукацыйнай сферы.