10 лютага стартаваў прыём заявак на ІІІ Рэспубліканскі конкурс аналітычных праектаў і даследаванняў, арганізаваны Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Конкурс праводзіцца з лютага па май 2026 года і ўключае чатыры этапы. Першы этап – падача заявак і работ – працягнецца да 31 сакавіка. Другі этап – правядзенне рэгіянальнага адбору – будзе праходзіць з 1 да 20 красавіка. На трэцім этапе, з 21 па 26 красавіка, будзе праходзіць праца конкурснай камісіі. Прэзентацыя лепшых работ па выніках пасяджэння экспертнай камісіі і вызначэнне пераможцаў конкурсу адбудзецца на чацвёртым этапе – з 27 па 30 красавіка.
Прыняць удзел у конкурсе могуць студэнты ўніверсітэтаў, аспіранты, маладыя вучоныя і моладзь, якая працуе, ва ўзросце да 35 гадоў. Удзельнічаць могуць як каманды (да пяці чалавек), так і асобныя аўтары. Для таго, каб стаць удзельнікам конкурсу, неабходна прайсці рэгістрацыю.
Конкурсныя работы прымаюцца ў 15 напрамках: кропкі росту ў адукацыі і навуцы; будучыня рынку працы; медыя і інфармацыйная прастора; штучны інтэлект і лічбавыя тэхналогіі; мая вёска/пасёлак будучыні; горад будучыні Беларусі; дэмаграфія і чалавечы патэнцыял; эканамічны патэнцыял; урбанізацыя ці дэўрбанізацыя; транспарт і шляхі зносін; экалагічныя выклікі сучаснасці: генная інжынерыя і біятэхналогіі; турыстычны патэнцыял рэгіёна; харчовая бяспека; месца Беларусі ў сусветнай супольнасці.
Пераможцы і лаўрэаты конкурсу будуць узнагароджаны граматамі і дыпломамі, а таксама атрымаюць магчымасць праходжання стажыроўкі ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў (у партнёраў і суарганізатараў), а таксама сертыфікат/грант на навучанне. Лепшыя канкурсанты і праектныя каманды будуць запрошаны да работы моладзевых аналітычных клубаў пры аддзяленнях БІСД, стануць удзельнікамі Міжнароднай Летняй школы маладога аналітыка, атрымаюць магчымасць далучыцца да адукацыйных і экспертных мерапрыемстваў інстытута. Па выніках правядзення конкурсу ўсе работы, якія адпавядаюць патрабаванням, могуць быць размешчаны ў спецыяльным электронным зборніку Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.
Падрабязная інфармацыя аб правядзенні конкурсу, рэгламенту, тэматыцы работ знаходзіцца ў Палажэнні на сайце Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.
