У конкурсе “Студэнт года” могуць прымаць удзел студэнты 2-4 курсаў (акрамя выпускных) дзённай формы навучання Універсітэта, якія маюць высокія дасягненні ў вучэбнай, навукова-даследчай, грамадскай дзейнасці, спартыўным, культурным жыцці, творчасці, якія не з'яўляюцца пераможцамі папярэдніх конкурсаў “Студэнт года”
Студэнт года - 2020
За тытул пераможцы і званне лепшага студэнта Alma Mater на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу змагалася сямёрка фіналістаў - тры юнакі і чатыры дзяўчыны.
Фінал конкурсу "Студэнт года-2020" адбыўся ў ГрДУ імя Янкі Купалы 21 кастрычніка. На сцэну з творчымі нумарамі выйшла сямёрка фіналістаў - студэнты Купалаўскага ўніверсітэта, паспяхова справіліся з выпрабаваннямі папярэдняга этапу. Яны прадэманстравалі свае таленты і творчы падыход у відэапрэзентацыі - камедыйным відэароліку пра сябе, а таксама распрацавалі і прапанавалі журы ацаніць сацыяльны праект, нацэлены на вырашэнне сацыяльна значных праблем.
У рамках фінальных конкурсных выпрабаванняў купалаўцы расказвалі пра сябе, свае захапленні і дасягненні ў конкурсе "Візітная картка", дэманстравалі навыкі тэхнікі і культуры мовы, арыгінальнасць падачы інфармацыі, крэатыўнасць і ўменне кантактаваць з аўдыторыяй у конкурсе аратарскага майстэрства. Неабмежаваны палёт фантазіі фіналісты паказалі ў творчым конкурсе. Нумары былі рознапланавымі, што дазволіла канкурсантам у поўнай меры раскрыць свой вакальны, харэаграфічны і акцёрскі патэнцыял.
Інтрыгу вечара вырашыла рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. Перш чым назваць імя пераможцы, яна шчыра падзякавала ўсім канкурсантам за тыя эмоцыі, якія яны падарылі сёння гледачам.
- Мяне перапаўняюць эмоцыі! Вы ўсё паказалі сваімі выступамі, сваім падыходам да ўдзелу ў конкурсе, што калі рабіць нешта, то трэба ўкладаць у гэта душу, свае лепшыя пачуцці, - звярнулася да фіналістаў Ірына Кітурка. - І нездарма сёння са сцэны часта гучала слова "сэрца". Вы казалі: "З любоўю ў сэрцы", "Універсітэт у сэрцы". І мы, купалаўцы, якія сядзяць у зале, адчулі вашыя шчырыя эмоцыі! Філасофіяй вечара стала выказванне Таццяны Шчэрбач, што ўніверсітэт ніколі нічога не зробіць за вас. Ён дае вам магчымасці. Скарыстайцеся імі!
Ірына Кітурка адзначыла лепшыя, на яе думку, моманты ў выступе кожнага фіналіста. І прызналася, што ёй самой ня церпіцца даведацца вердыкт журы. Адкрыўшы канверт з імем пераможцы, рэктар агучыла: першае месца ў конкурсе "Студэнт года-2020" заваявала студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта Таццяна Шчэрбач! Другое месца - у студэнта 2 курса філалагічнага факультэта Андрэя Дунько, а бронзавым прызёрам стала студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Аляксандра Слуцкая.
Пераможцы былі названыя і ў асобных намінацыях. Так, у намінацыі «Лепшая візітная картка» перамогу атрымаў Андрэй Дунько. У намінацыі «Майстар прамоўніцкага мастацтва» лепшай была прызнаная Таццяна Шчэрбач. У намінацыях «Лепшы творчы нумар» і «Лепшы праект» перамог студэнт 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Арсень Сідаркевіч. За неардынарнасць была адзначана студэнтка 3 курса факультэта псіхалогіі Юлія Кляшчова, а за мэтанакіраванасць - студэнт 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дзмітрый Філіпкоў. «Выдатнікам года» стала студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта Валерыя Літвіненкава. І ў намінацыі «Лепшы відэаролік» перамогу атрымала Аляксандра Слуцкая.
Па традыцыі па выніках фіналу конкурсу «Студэнт года» былі названыя і лепшыя групы падтрымкі. У гэтым годзе найбольш актыўна і крэатыўна хварэлі за сваіх каманды групы падтрымкі філалагічнага і педагагічнага факультэтаў.
«Студэнт года 2019»
Сем дзяўчат і адзін хлопец - у такім складзе лепшая васьмёрка студэнтаў-купалаўцаў змагалася за перамогу ў фінале аднаго з галоўных конкурсаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы 18 кастрычніка.
Гэты дзень стаў заключным этапам конкурсу, які быў абвешчаны ў Купалаўскім універсітэце яшчэ ў верасні і традыцыйна праходзіў у рамках завочнага і вочнага тураў. За ўвесь час конкурсу рабяты пераадолелі не адно творчае выпрабаванне: збіралі партфоліо «Мой свет», прыдумлялі праект, нацэлены на рашэнне грамадскай праблемы, здымалі камедыйныя відэаролікі «Я - студэнт».
У рамках фіналу купалаўцы расказвалі пра сябе, свае захапленні і дасягненні ў конкурсе «Візітная картка», дэманстравалі навыкі тэхнікі і культуры мовы, арыгінальнасць падачы інфармацыі, крэатыўнасць і ўменне кантактаваць з аўдыторыяй у конкурсе аратарскага майстэрства. Самым творчым стаў конкурс «Беларусь - наш агульны дом», падчас якога ўдзельнікі спявалі, танцавалі і паказвалі тэматычныя інсцэніроўкі. Кожны - у сваім стылі і з асаблівай падачай.
Перамогу ў конкурсе "Студэнт года - 2019" атрымала студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта Наталля Гузевіч. Другое месца ў студэнткі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Ірыны Пашынскай. На трэцім - прадстаўніца педагагічнага факультэта Лізавета Занямонская.
Акрамя таго, пераможцы былі названыя і ў асобных намінацыях. Так, у намінацыі «Лепшае партфоліо» перамогу атрымала студэнтка педагагічнага факультэта Лізавета Занямонская. Самай крэатыўнай на думку журы апынулася студэнтка юрыдычнага факультэта Ганна Мыслівец. Студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар'я Мінькевіч стала лаўрэатам адразу ў дзвюх намінацыях: «Мэтанакіраванасць» і «Майстар прамоўніцкага мастацтва». Два дыпломы і ў студэнткі філалагічнага факультэта Яўгеніі Рэуцкай - за лепшы праект і за захаванне традыцый універсітэта і факультэта. Паставіць лепшы творчы нумар атрымалася ў студэнткі факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Сняжаны Клімашэвіч. Зняць лепшы відэаролік атрымалася ў пераможцы конкурсу Наталлі Гузевіч. Намінацыі "Ініцыятыва і прадпрымальнасць" і «Неардынарнасць» дасталіся студэнту факультэта псіхалогіі Юрыю Мікалаеву, а студэнтка факультэта гісторыі камунікацыі і турызму Ірына Пашынская перамагла ў катэгорыі «Лепшая візітоўка». Самай актыўнай і гучнай групай падтрымкі ў гэтым годзе стала каманда юрыдычнага факультэта.
«Студэнт года 2018»
31 кастрычніка ў канцэртнай зале ГрДУ імя Янкі Купалы было горача: вырашылася галоўная інтрыга года. Адзінаццаць студэнтаў купалаўскага ўніверсітэта змагаліся за тытул "Студэнт года - 2018". Па выніках конкурсу ўладальніцай ганаровага тытула стала студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка.
У гэтым годзе ўдзельнікамі сталі студэнтка факультэта матэматыкі і інфарматыкі Паліна Платава, студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Віялета Каляндовіч, студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Уладзімір Гангала і Наталля Васілюк, студэнтка факультэта псіхалогіі Вікторыя Хомчык, студэнткі юрыдычнага факультэта Бажэна Ярэміч і Ірына Кулініч, студэнтка інжынерна-будаўнічага факультэта Дар'я Раманаўская, студэнтка педагагічнага факультэта Люцына Занеўская, студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка.
Першым выпрабаваннем фіналу стаў конкурс «Візітоўка», у рамках якога студэнты ў творчай форме прадэманстравалі свае захапленні і дасягненні як у творчай, так і навуковай, прафесійнай сферах. Канкурсанты спявалі песні, чыталі вершы і танцавалі, расказвалі пра сваё дзяцінства і школьныя гады.
Падчас другога конкурсу ўдзельнікі дзяліліся сваімі думкамі пра месца навукі ў сучасным свеце, яе дасягненнях, а некаторыя нават дэманстравалі іх на сцэне. Напрыклад, Віялета Каляндовіч пафантазіраваць на тэму будучыні і здзівіла ўсіх дронам, які суправаджаў дзяўчыну на працягу яе кранальнага маналогу. Заключным у конкурснай праграме стаў конкурс творчых нумароў, у якім студэнты далі волю фантазіі і прадэманстравалі захапляльныя крэатыўныя выступы. Бажэна Ярэміч раскрыла свой паэтычны і кулінарны таленты: дзяўчына прачытала свае вершы, прысвечаныя Беларусі, а потым пачаставала гледачоў і членаў журы сапраўднымі беларускімі дранікамі. Сучасную інтэрпрэтацыю папулярнай песні «Колер настрою сіні» на тэму студэнцкага жыцця і танцавальны нумар выканала Вікторыя Хомчык, а Дар'я Раманоўская прадэманстравала сапраўдны тэатральны нумар з жывой музыкай і незвычайным спалучэннем беларускіх народных касцюмаў і танго. Варта адзначыць, што тэма беларускай культуры адбілася ў многіх нумарах канкурсантаў. Рабяты выступалі на беларускай мове, дэманстравалі нацыянальныя касцюмы і танцавалі народныя танцы.
Па выніках усіх конкурсных этапаў былі названыя пераможцы і прызёры «Студэнта года - 2018». Пераможцам конкурсу стала студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка. Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана студэнтка юрыдычнага факультэта Ірына Кулініч, якая таксама зняла яркі відэаролік пра сваё студэнцкае жыццё і перамагла ў намінацыі «Лепшы відэаролік». На трэцім месцы - студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Віялета Каляндовіч.
Акрамя пераможцаў таксама былі названыя ўладальнікі грамат ў спецыяльных намінацыях. Дыпломам у намінацыі «Студэнцкая садружнасць» была ўзнагароджана Наталля Васілюк, лепшае партфоліо прадставіла Паліна Платава, у намінацыі «За захаванне факультэцкіх традыцый» перамагла Люцына Занеўская, у катэгорыі «Прамоўніцкае мастацтва» першай стала Дар'я Салей, Вікторыя Хомчык перамагла ў намінацыі «Твары дабро», Уладзімір Гангала ўзнагароджаны дыпломам за «Імкненне да адзінства», лепшую візітоўку падрыхтавала Дар'я Раманоўская, за выкананне кранальных уласных вершаў намінацыяй «Майстар паэтычнага слова» ўзнагароджана Бажэна Ярэміч, студэнтам-навукоўцам года стала Паліна Платава, а аўтарам найлепшага праекта названая Дар'я Раманоўская.
У гэтым годзе па-асабліваму актыўна праявілі сябе групы падтрымкі, якія хварэлі за сваіх сяброў: студэнты розных факультэтаў на працягу ўсяго вечара энергічна скандавалі дэвізы і вершы ў гонар канкурсантаў, таму члены журы не змаглі выбраць адну групу пераможцаў. Так, першынство ў гэтым конкурсе падзялілі каманды факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, інжынерна-будаўнічага і юрыдычнага факультэтаў.
“Студэнт года – 2017”
Па традыцыі конкурс праходзіў у два этапы. У рамках завочнага тура ўдзельнікі прадставілі партфоліа «Мой свет», у якім адбілі свае дасягненні ў вучобе, навуцы, творчасці, даследчай і спартыўнай дзейнасці падчас навучання ва ўніверсітэце. Таксама стварылі відэаролік «Я - студэнт!», дзе ў гумарыстычнай форме распавялі пра свае студэнцкія будні, а таксама прэзентавалі ўласную маладзёжную ініцыятыву - сацыяльны праект, накіраваны на развіццё творчага, навуковага, прафесійнага патэнцыялу ўніверсітэцкай моладзі. У фінале купалаўцы спаборнічалі ў трох конкурсах.
Падчас першага ўдзельнікі стараліся нестандартна, у арыгінальнай форме распавядалі пра сябе, свае поспехі і памкненні. Напрыклад, студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Анастасія Болбат заваявала многіх ненадакучлівай песняй пра сябе. Многія з удзельнікаў распавядалі і паказвалі, як адбывалася сталенне і станаўленне іх асобы. Так, студэнтка факультэта эканомікі і кіравання, прызёр XXVI Міжнароднага міжвузаўскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна – 2017” Алена Енка здзівіла залу: дзяўчына прадэманстравала, як прыступку за прыступкай ішла да запаветнай мары - стаць студэнткай Гродзенскага ўніверсітэта. Хтосьці з канкурсантаў упэўнена дзяліўся планамі на будучыню: студэнтка факультэта псіхалогіі Лізавета Рычкова марыць сумясціць любоў да спорту і псіхалогію. Дзяўчына збіраецца стаць спартовым псіхолагам. У конкурсе аратарскага майстэрства купалаўцы дэманстравалі сваё красамоўства, разважалі на тэму «Навука - вялікае ўпрыгожванне і вельмі карысная прылада ...»: канкурсанты сышліся ў меркаванні, што навуковыя дасягненні могуць быць выкарыстаны чалавецтвам і на карысць, і на шкоду. Таму вельмі важна, у чыіх «руках» знаходзіцца навука, якую, дарэчы, адна з удзельніц - студэнтка філалагічнага факультэта Аляксандра Радковіч - параўнала з акіянам, дзе людзі, як караблі, барозняць яго бязмежныя прасторы.Творчы конкурс «Беларусь - наш агульны дом» напоўніў залу гукамі музыкі, песнямі, прысвечанымі Радзіме, пяшчотнымі танцавальнымі нумарамі, кранальнымі вершамі. Так студэнты спрабавалі ўсяляк уразіць журы сваімі талентамі і здольнасцямі.
Першы прарэктар універсітэта Ірына Кітурка падзякавала канкурсантам і групам падтрымкі за свята.
- Вы падарылі нам некалькі гадзін свята маладосці, крэатыву. Вельмі прыемна, што ўдзельнікі пераадолелі ўсе страхі для паспяховага выступлення ў конкурсе. Бо ГрДУ імя Янкі Купалы - гэта ўніверсітэт магчымасцяў, і гэта адлюстравана ў Місіі - выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял чалавека і ўніверсітэта ў прасторы міжкультурнага дыялогу, - адзначыла Ірына Фёдараўна. - Дзякуй усім студэнтам за гэты вечар! І хачу сказаць, што на галоўнай сцэне ўніверсітэта можа апынуцца кожны, для гэтага неабходна толькі пераадолець сябе і падаць заяўку на ўдзел у конкурсе “Студэнт года”.
Ірына Кітурка назвала пераможцаў конкурсу “Студэнт года – 2017”. Ёй стала Юлія Бекіш. Акрамя таго, дзяўчына перамагла яшчэ ў дзвюх намінацыях, прадставіўшы на конкурс лепшае партфоліо і найбольш перспектыўны моладзевы праект. Дыплом II ступені атрымаў студэнт філалагічнага факультэта Фархад Шараліеў. Дарэчы, старанні хлопца журы высока ацаніла і прысудзіла яму перамогу ў намінацыі «Арыгінальнасць і творчы падыход». Дыпломам III ступені ўзнагароджана студэнтка філалагічнага факультэта Аляксандра Радковіч, усе выступленні якой былі выключна на роднай беларускай мове. Дзяўчына заваявала залу сваёй душэўнасцю і была ўдастоена перамогі ў намінацыі «Абаянне і артыстычнасць». Лепшую самапрэзентацыю прадставіла студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Анастасіі Болбат. За арыгінальны выступ падчас конкурсу «Візітная картка» дзяўчына таксама была ўдастоена спецыяльнага прыза Каардынацыйнага студэнцкага савета.
Самы вясёлы відэаролік пра сябе прадставіў студэнт факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Шчарбовіч, майстрам прамоўніцкага мастацтва прызнана студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар'я Глінская, якая ў другі раз прымала ўдзел у конкурсе “Студэнт года”.
У намінацыі "Студэнт - лідар года" перамогу прысудзілі студэнтцы факультэта псіхалогіі Лізавеце Рычковай, а ў намінацыі «Творчасць» - студэнтцы факультэта эканомікі і кіравання Алене Енка.
На працягу ўсіх конкурсаў факультэцкія групы падтрымкі актыўна «хварэлі» за ўдзельнікаў: скандавалі крычалкі, чыталі вершы і выконвалі песні ў гонар канкурсантаў. Старанні заўзятараў былі ўзнагароджаныя: лепшымі групамі падтрымкі, на думку журы, прызнаныя каманды філалагічнага факультэта і факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання.
«Студэнт года – 2016»
Палажэнне
Ва ўніверсітэцкім этапе конкурсу “Студэнт года – 2016”, які адбыўся 3 лістапада ўзялі ўдзел 12 прадстаўнікоў розных факультэтаў універсітэта.
Перамогу атрымала студэнтка педагагічнага факультэта Вераніка Кажанеўская. Акрамя таго, Вераніка перамагла ў намінацыі «Лепшае партфоліа».
Дыплом II ступені і дыплом «За лепшую моладзевую ініцыятыву» ўручылі студэнтцы філалагічнага факультэта Анастасіі Госцік.
Дыплом III ступені і дыплом за лепшы відэаролік «Я - студэнт!» атрымала прадстаўніца факультэта мастацтваў і дызайну Аліна Міхалковіч.
Таксама былі названыя пераможцы ў наступных намінацыях:
- у намінацыі “Студэнцкае адкрыццё” лепшай прызнана студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі Вольга Ходарава;
- у намінацыі “Творчасць” - студэнт факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Андрэй Мартыновіч;
- у намінацыі “Візітная картка” - студэнтка факультэта псіхалогіі Вераніка Зданоўская;
- у намінацыі “Класічны жанр” - студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар'я Глінская;
- у намінацыі “Студэнт-спартсмен года” - студэнт юрыдычнага факультэта Алег Галавач;
- у намінацыі “Полікультурны дыялог” - студэнт філалагічнага факультэта Андрэй Віктараў;
- у намінацыі “Сямейныя каштоўнасці” - студэнт педагагічнага факультэта Яўген Косач;
- у намінацыі “Вясёлая і знаходлівая” - студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Наталля Крупіца;
- у намінацыі “Майстар прамоўніцкага майстэрства” - студэнтка юрыдычнага факультэта Вікторыя Юркевіч.
Студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта ГрДУ Вераніка Кажанеўская стала пераможцам у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года - 2016».
Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Вераніка Кажанеўская стала другой у фінале рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года - 2016», які адбыўся 8 снежня 2016 года ў Мінску.
«Студэнт года – 2015»
Палажэнне
«Студэнт года - 2015» - Аўсейчык Анастасія, студэнтка 2 курса факультэта мастацтваў і дызайну.
Пераможцы ў намінацыях у адпаведнасці з палажэннем:
- «Лепшае партфоліа» - Калясень Аляксандра, педагагічны факультэт, 4 курс;
- «Лепшы студэнцкі праект» - Ільютчык Таццяна, педагагічны факультэт, 4 курс;
- «Студэнт года ONLINE» - Сільвановіч Юлія, студэнтка юрыдычнага факультэта, 4 курс;
- «Візітная картка» - Вікторыя Смолка, філалагічны факультэт, 3 курс;
- «Майстар прамоўніцкага мастацтва» - Станкевіч Дзмітрый, факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму;
- «Творчасць» - Аўсейчык Анастасія, студэнтка 2 курса факультэта мастацтваў і дызайну;
- «Лепшая група падтрымкі факультэта» - каманды юрыдычнага факультэта, факультэта псіхалогіі і факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання.
Дадатковыя намінацыі:
Ад ГА «БРСМ» прызамі ўзнагароджаны тры купалаўца:
- у намінацыі “Прымі выклік быць лепшым” - студэнт факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Ілля Пясляк;
- у намінацыі “Лідар года” - студэнт факультэта псіхалогіі Яўген Шрубко;
- у намінацыі “Студэнт - спартсмен года” - студэнт фізіка-тэхнічнага факультэта Вадзім Казячы.
Старшыня ГА «Белая Русь» Сяргей Іваноў уручыў спецыяльны прыз ад арганізацыі студэнту факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дзмітрыю Станкевічу «за павагу да гісторыі», студэнтцы факультэта мастацтваў і дызайну Анастасіі Аўсейчык і студэнтцы педагагічнага факультэта Аляксандры Калясень «за талент». Таццяна Міхайлаўна Прудко ўручыла спецыяльны прыз Вадзіму Казячаму, які, на яе думку апынуўся самым арыгінальным студэнтам вечара, і адзначыла, што ў купалаўскім універсітэце навучэнцаў самыя таленавітыя і здольныя студэнты, якія ў гэты дзень запалілі сваю зорку.
Анастасія Аўсейчык стала трэцяй у рэспубліканскім конкурсе "Студэнт года - 2015" і заваявала кубак і каштоўны прыз.
“Студэнт года – 2014”
Палажэннне аб конкурсе
Пераможцы конкурсу
“Студэнт года 2014” - Ермакоў Уладзіслаў Юр'евіч, факультэт эканомікі і кіравання, 3 курс.
“Студэнтка года 2014” - Якімовіч Наталля Анатольеўна, факультэт матэматыкі і інфарматыкі, 3 курс.
Пераможцы ў намінацыях у адпаведнасці палажэннем:
- «Творчасць» - Козак Цімафей Уладзіміравіч, факультэт інавацыйных тэхналогій машынабудавання, 3 курс.
- «Майстар імправізацыі» - Варанецкі Юрый Паўлавіч, фізіка-тэхнічны факультэт, 3 курс.
- «Лепшая самапрэзентацыя» - Варчэня Максім Валянцінавіч, факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму, 3 курс.
- «Лепшая група падтрымкі» - ваенны факультэт і факультэт матэматыкі і інфарматыкі.
Спецыяльныя намінацыі:
- «Студэнт - адкрыццё года» - Варткесян, Аляксандр Сяргеевіч, філалагічны факультэт, 2 курс.
- «Студэнт-імкненне года» - Коршун Вольга Георгіеўна, факультэт псіхалогіі, 4 курс.
- «Студэнт-спартсмен года» - Кутафін Аляксей Мікалаевіч, ваенны факультэт, 2 курс.
- «Студэнт-выдатнік года» - Касцюшка Кацярына Тадэвушаўна, факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму, 3 курс.
- «Паспяховы прафесійны старт» - Міцюкова Марыя Сяргееўна, факультэт мастацтваў і дызайну, 5 курс.
- «Студэнт-лідэр года» - Байцінгер Герман Рудольфавич, факультэт матэматыкі і інфарматыкі, 3 курс.
Спецыяльны прыз ад Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта атрымаў Варчэня Максім Валянцінавіч, студэнт факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, 3 курс.