У мерапрыемстве, якое праходзіла на факультэце міжнародных адносін БДУ з 13 па 15 лістапада, удзельнічалі больш за 60 студэнтаў і магістрантаў беларускіх і расійскіх ВНУ. Студэнты 4 курса юрыдычнага факультэта Артур Сахарчук і Данііл Манешкін прадставілі Купалаўскі ўніверсітэт.
Мадэляванне прайшло ў фармаце сінтэзу навуковай канферэнцыі і ролевай гульні па ўзнаўленні дзейнасці структур Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Удзельнікі выступілі ў ролі паўнамоцных прадстаўнікоў краін - членаў міжнароднай арганізацыі. Для вырашэння кейса яны вывучылі і прэзентавалі пазіцыю краіны па пытаннях маладзёжнай палітыкі, стратэгіі і ініцыятывы для ўстойлівай будучыні, а таксама распрацавалі прапановы па ахове прыроды, захаванні навакольнага асяроддзя і паляпшэнні кліматычных умоў. Мадэляванне праводзілася на рускай і кітайскай мовах.
Такі фармат работы з моладдзю мае практыка-арыентаваную накіраванасць і праводзіцца з мэтай вывучэння студэнтамі асноўных вектараў дзейнасці Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і яе перспектыў, стымулявання цікавасці да вывучэння актуальных пытанняў міжнародных адносін і палітыкі, удасканалення навыкаў работы ў камандзе і публічных выступленняў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі факультэт міжнародных адносін БДУ і Маладзёжная платформа для краін ШАС SCOLAR Network.