28 жніўня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ажыўлена і шумна. Менавіта тут Гродна прымае эстафету па правядзенні рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная», якая праходзіць па ўсёй краіне напярэдадні Дня народнага адзінства. Тэмай гэтага года стала стратэгія будучыні Беларусі. Вектарам зносін у Гродне – сфера эканомікі.
Спікерамі акцыі сталі старшыня праўлення РДГА «Беларускае таварыства «Веды» Вадзім Гігін, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Аксянюк. Паразмаўляць з імі сабраліся каля 700 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і партый, а таксама моладзь.
Адкрыла мерапрыемства цёплым словам старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Алена Пасюта. У сваёй прамове яна нагадала, што няма межаў і выпрабаванняў, якія б зламалі дух нашага народа, што мы ведаем гераічную спадчыну нашай гісторыі і ганарымся дасягненнямі сучаснасці. Таксама яна звярнула ўвагу, што кожны з нас павінен быць тым паслядоўнікам, які будуе новую маладую Беларусь.
Першай часткай мерапрыемства стаў невялікі «разагрэў» – спачатку правялі інтэрактыў «Паспець за пяць хвілін», дзе спікеры павінны былі за адведзены час расказаць пра сваё бачанне Беларусі і які яна будзе ў будучыні. Затым для спікераў правялі бліц-апытанне, каб даведацца пра іх меркаванне на самыя розныя пытанні. Лепшая кніга ў гісторыі літаратуры? Ваш любімы горад Беларусі акрамя Гродна? Апішыце Беларусь трыма словамі. За што вы любіце горад Гродна? Дзяржаўны сектар ці прыватная ініцыятыва? Імпартазамяшчэнне або адкрыты рынак? Стабільнасць ці рэформы? Традыцыі ці ствараць новае? Цэнзура ў мастацтве ці свабода самавыяўлення? Таксама правялі параўнанне адказаў штучнага інтэлекту і спікераў на пытанне аб тым, якой будзе эканоміка Беларусі праз 5 год.
Пасля пачаліся адказы на пытанні. Пытанні былі самыя розныя. Якую ролю павінна адыгрываць дзяржава ў развіццё сярэдняга і малога бізнесу? Якія ўрокі Вялікай Айчыннай Вайны застаюцца актуальнымі сёння, і як мы можам прадухіліць паўтарэнне такіх трагедый у будучыні? Які прагноз па курсе валют? Як знайсці сваё прызначэнне? Ці знікне з Беларусі бульба?
Сустрэча праходзіла ў цесным кантакце з сучаснымі тэхналогіямі. Выкарыстоўваўся штучны інтэлект, а таксама чат-бот, куды ўдзельнікі сустрэчы маглі дасылаць свае пытанні.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ўжо не першы раз становіцца пляцоўкай для такога кшталту мерапрыемстваў. І прычына простая – выдатная атмасфера і дыялог, які добра выбудоўваецца.
– Пляцоўка Гродзенскага ўніверсітэта вельмі нам падабаецца. Сустрэчы, якія тут праходзяць, – адкрытыя, шчырыя, яны сапраўды настройваюць на прамы дыялог з нашай аўдыторыяй, – падзяліўся Вадзім Гігін.
Акцыя «Беларусь адзіная» прадоўжыць свой рух па рэгіёнах Беларусі, ахопліваючы самыя важныя для краіны і нашага народа тэмы. Фінальнай станцыяй стане Брэсцкая вобласць.