26 верасня ў галоўным корпусе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё імянной аўдыторыі прафесара Васіля Нікіцевіча. Мерапрыемства прымеркавалі да яго 100-гадовага юбілею.
Добра вядомы ў СССР вучоны, які стварыў цэлы напрамак у дэрываталогіі і ўласную навуковую школу, аўтар канцэпцыі тэорыі намінатыўнай дэрывацыі, Васіль Нікіцевіч адыграў значную ролю ў станаўленні філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, развіцці яго навуковага патэнцыялу.
Права адкрыць імянную аўдыторыю, стэнд і памятную дошку ў гонар прафесара далі прарэктару па навуковай рабоце Купалаўскага ўніверсітэта Наталлі Башун і доктару філалагічных навук, прафесару, сыну Васіля Міхайлавіча Аляксею Нікіцевічу.
Васіль Міхайлавіч Нікіцевіч быў не толькі таленавітым вучоным-лінгвістам, але і выдатным выкладчыкам! Студэнтаў ён вучыў думаць, разважаць. Калі ён чытаў лекцыі ў аўдыторыі па дысцыплінах, прадстаўленых у падручніках ВНУ, напрыклад, па марфалогіі, адразу станавілася зразумелай розніца паміж значэннямі слоў «выкладчык» і «навуковец». Тэорыя намінатыўнай дэрывацыі – галоўнае стварэнне прафесара Васіля Нікіцевіча – працягвае жыць і зараз у працах яго шматлікіх вучняў і паслядоўнікаў, пацвярджаючы сваю жыццяздольнасць і актуальнасць. У наш час далёка не кожны прафесар можа пахваліцца 27 кандыдатамі навук, якія абараніліся. Прычым некаторыя з іх пасля сталі дактарамі навук.
Пасля ўрачыстага адкрыцця імянной аўдыторыі адбыўся круглы стол, на якім удзельнікі абмеркавалі ўплыў навуковых прац прафесара на сучасную філалогію.