8 кастрычніка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ўрачыста прайшло закрыццё Трэцяга працоўнага семестра. Сёлета членамі студатрадаўскага руху сталі больш за тысячу студэнтаў, і лепшыя з іх былі ўзнагароджаны.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Купалаўскага ўніверсітэта Васіль Сянько.
Затым надышоў час цырымоніі ўзнагароджання. Яна пачалася з ушаноўвання самых актыўных байцоў. Граматай установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» былі ўзнагароджаны 37 студэнтаў, якія праявілі сябе як лепшыя камандзіры, камісары і байцы студэнцкіх атрадаў, якія адпрацавалі тры і больш змен. Таксама падзякі рэктара з унясеннем у асабістую справу былі ўдастоены 86 студэнтаў.
Затым былі ўзнагароджаны тыя, хто даваў дзецям са студэнцкіх атрадаў магчымасць плённа працаваць і спазнаваць самыя розныя напрамкі і прафесіі – арганізацыі-партнёры, якія прынялі байцоў на працу. Падзякай і памятным падарункам установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» былі ўзнагароджаны 11 прадстаўнікоў прымаючых арганізацый.
Дыпломамі за дасягнутыя поспехі ў арганізацыі выхаваўчага працэсу, фарміраванне інтэлектуальнага, культурнага і маральнага развіцця асобы выхаванцаў, добрасумленную працу і творчы падыход да педагагічнай дзейнасці ў перыяд работы на пасадзе выхавальніка НДЦ «Зубраня» ў складзе студэнцкага педагагічнага атрада былі ўзнагароджаны 4 студэнты. Памятныя знакі ўручыла дырэктар установы адукацыі «Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» Таццяна Асмалоўская.
Падзячным лістом за эфектыўную работу па фарміраванні студэнцкіх сэрвісных атрадаў універсітэта для выканання работ у адкрытым акцыянерным таварыстве «Санаторый «Азёрны» былі ўзнагароджаны 3 студэнты. Таксама 6 студэнтам з факультэта эканомікі і кіравання і юрыдычнага факультэта была аб'яўлена падзяка за эфектыўную працу ў студэнцкім сэрвісным атрадзе.
Не засталіся без увагі і тыя, хто каардынаваў працу атрадам. Падзяку Штаба працоўных спраў факультэтаў за якасную працу па фарміраванні студэнцкіх атрадаў на факультэце ў 2024-2025 навучальным годзе ва ўстанове адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» ўручылі старшыням і штабам філалагічнага факультэта, факультэта псіхалогіі, педагагічнага факультэта, факультэта эканомікі і кіравання, інжынернага факультэта.
Акрамя студэнтаў, узнагародамі былі ўдастоены і работнікі ўніверсітэта. Падзякамі за значны ўклад у развіццё студатрадаўскага руху ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы па выніках Працоўнага семестра 2024-2025 навучальнага года былі ўзнагароджаны 8 супрацоўнікаў-купалаўцаў, сярод якіх былі работнікі кафедр і структурных падраздзяленняў універсітэта.
Таксама ў рамках мерапрыемства прайшло ўзнагароджанне па конкурсе «Працоўны семестр – 2025». Былі вызначаны найлепшы камандзір, найлепшы баец і найлепшы атрад. А ў сувязі з тым, што больш за тысячу студэнтаў-купалаўцаў прынялі ўдзел у студатрадаўскім руху, памятнымі прызамі быў узнагароджаны кожны соты баец.
Завяршылася мерапрыемства сімвалічнай цырымоніяй апускання сцяга, якую правялі Анастасія Яцкевіч і Фелікс Пашук - байцы, якія адпрацавалі ў студэнцкіх атрадах пяць змен на працягу навучальнага года.