11 и 12 снежня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы панавала асаблівая адухоўленая атмасфера. На працягу двух дзён тут праходзяць штогадовыя Каложскія адкрытыя абласныя навукова-адукацыйныя чытанні. У гэтым годзе яны прысвечаны тэме "Асвета і маральнасць: фарміраванне асобы і выклікі часу".
Сярод удзельнікаў мерапрыемства - святары, педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы X-XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выкладчыкі і студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі.
Ганаровымі гасцямі першага дня чытанняў сталі архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній і начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. Ён зазначыў, што мерапрыемства з'яўляецца рэгіянальным этапам 34 Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў.
– Тэма сёлетніх Каложскіх чытанняў – “Асвета і маральнасць: фарміраванне асобы і выклікі часу” – як ніколі актуальная і патрабуе ад нас не проста канстатацыі фактаў, але глыбокага багаслоўскага і філасофскага асэнсавання тых глыбінных працэсаў, якія сёння разгортваюцца на нашых вачах, у навакольным свеце і грамадстве. Сёння мы з'яўляемся сведкамі адначасова эпохі перамен і найглыбокіх крызісаў. Інфармацыйныя тэхналогіі, глабалізацыя, культурныя трансфармацыі - усё гэта ставіць перад намі новыя выклікі, - сказаў уладыка Антоній.
У сваёй вітальнай прамове першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі адзначыў, што ХIV Каложскія чытанні з'яўляюцца вынікам шматгадовага супрацоўніцтва ўніверсітэта з Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы.
–Хутка ў нашай краіне пройдзе Усебеларускі Народны Сход, дзе будзе прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года. Адным з прыярытэтаў гэтай Праграмы з'яўляецца развіццё чалавечага патэнцыялу, якасная адукацыя, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы. І нашы сённяшнія Каложскія чытанні ў заяўленай тэме вельмі добра задаюць тон гэтаму прыярытэту, – адзначыў Аляксандр Карэўскі.
Першы прарэктар пажадаў удзельнікам канферэнцыі слухаць і быць пачутымі, вучыцца і ўзбагачацца новымі ведамі.
Актуальнасць тэмы Каложскіх чытанняў таксама адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык:
–Для нас вельмі важна захаваць маральныя асновы, характэрныя для нашага грамадства. Стаўленне да сям'і, старэйшых, іншых людзей, міласэрнасць, стаўленне да тых, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе, – вельмі важна перадаць падрастаючаму пакаленню.
У рамках пленарнага пасяджэння былі агучаны даклады, якія закранаюць маральнасць чалавека ў сучасным свеце. З дакладам "Лічбавы паварот сучаснай культуры і праблема маральнасці чалавека" выступіла доктар філасофскіх навук, прафесар, загадчык кафедры філасофіі ГрДУ імя Янкі Купалы Сняжана Семярнік. Кандыдат педагагічных навук, дацэнт, рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка прадэманстравала ўдзельнікам даклад на тэму "Духоўна-маральныя асновы беларускага грамадства: выклікі сучаснасці і кансалідацыя намаганняў сістэмы адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы". Даклад «Святая праведная Сафія, княгіня Слуцкая (1586 – 1612): жыццё і служэнне ў кантэксце эпохі» прачытаў кандыдат багаслоўя, выкладчык Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі пратадыякан Павел Бубноў. А даклад на тэму "Асаблівасці фарміравання сямейных каштоўнасных арыенціраў у праваслаўнай моладзі Беларусі" прадставіў старшыня Сінадальнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям'і, абароне мацярынства і дзяцінства протаіерэй Павел Сярдзюк.
Пасля пленарнага пасяджэння прайшла панэльная дыскусія "Фарміраванне асобы ў эпоху цыфравізацыі: перспектывы і рызыкі", у рамках якой удзельнікі абмеркавалі маральныя каштоўнасці і іх трансфармацыю ў сучасным свеце і выкарыстанне штучнага інтэлекту ў адукацыйнай сферы.
Таксама сёння, 11 снежня, прайшлі дзве абласныя дыялогавыя анлайн-пляцоўкі. Анлайн-пляцоўка "Асвета і маральныя каштоўнасці" праходзіла на базе медыяцэнтра "МедыяІдэя на 10" ДУА "Гімназія № 10 імя Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева)". Анлайн-пляцоўка "Выклікі часу і праблема захавання маральнасці сярод моладзі ў XXI стагоддзі" сабрала зацікаўленых асоб і экспертаў у медыяцэнтры "Медыя – TV 40" ДУА "Сярэдняя школа № 40 імя У.І. Крамко».
12 снежня ўдзельнікаў ХIV Каложскіх чытанняў чакаюць секцыйныя пасяджэнні, у рамках якіх пройдзе абмеркаванне гісторыі асветы і адукацыі на беларускіх землях; выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны; духоўнага подзвігу, асветніцкага служэння і культурнай спадчыны беларускіх святых; маральнай культуры народа ў люстэрку мовы і маральных пошукаў рускіх пісьменнікаў і іншых тэм.