Сёння, 23 снежня, у сталічным кангрэс-холе гатэля «Прэзідэнт-Атэль» прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання фіналістаў IV Рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў «Прэс-код», які сабраў аўтараў найлепшых праектаў з усёй краіны. У лік пераможцаў увайшлі студэнты спецыяльнасці «Журналістыка» Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Вышэйшай узнагароды ў намінацыі «Лепшыя аўтарскія матэрыялы» (рэпартаж, спецыяльны праект, прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне) быў удастоены дакументальны фільм «Генацыд: без права на забыццё». Праект створаны студэнткай 3 курса Карынай Місцюк, студэнтам 4 курса Арцёмам Булгакавым і выпускніком факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Ігарам Пташыцам на базе УНВА «Студэнцкі медыяцэнтр». Журы адзначыла эмацыйнасць карціны, глыбокую прапрацоўку архіўных матэрыялаў, а таксама вялікую працу студэнтаў, якія змаглі перадаць трагедыю беларускага народа вачыма моладзі.
– Гэтая перамога для нас - не проста дыплом. Калі мы працавалі над фільмам, апускаліся ў архівы, выязджалі на месцы здымак, мы адчувалі вялікую адказнасць перад тым, што мы робім. Тое, што нашу працу так высока ацаніла прафесійнае журы ў Мінску, даказвае: тэма жывая, і мы, студэнты, захоўваем гэту памяць. Гэта матывуе працягваць працу далей, – адзначыў Арцём Булгакаў.
Карына Місцюк падкрэсліла, што перамога на такім значным конкурсе вельмі важная для каманды:
– Гэта напамін аб тым, што наша праца важная і патрэбна! Вельмі каштоўна, што праект атрымлівае прызнанне на рэспубліканскім узроўні і высока ацэнены кампетэнтнымі чальцамі журы.
Перамогу атрымаў і яшчэ адзін праект Купалаўскага ўніверсітэта. Лепшым у намінацыі «Лепшыя аўтарскія матэрыялы» (рэпартаж, спецыяльны праект, накіраваны на захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і маральных ідэалаў) стаў праект «Маладзёжны аргумент», падрыхтаваны студэнткамі 4 курса Анастасіяй Кісель і Марыяй Паўловіч на тэлеканале «Гродна Плюс».
Перамога на такім прэстыжным конкурсе стала яскравым пацвярджэннем высокага ўзроўню падрыхтоўкі журналістаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і патэнцыялу маладога пакалення, гатовага гаварыць на важныя для Беларусі тэмы.