5 студзеня студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў рамках паездкі ў Мінск наведалі выставу «Элегантнасць срэбра: скарбы Аманскага двара» ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, дзе пазнаёміліся з гістарычнай спадчынай дзяржавы Аман.
Падчас экскурсій студэнтам падрабязна расказалі пра багатую гісторыю аманскага срэбра і яго сімвалічны сэнс у культуры Амана. Праз самыя яркія і цікавыя творы з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман студэнты пазнаёміліся са шматграннай гісторыяй дзяржавы Аман, яго традыцыямі і звычаямі.
На выставе купалаўцы змаглі ўбачыць традыцыйныя элементы адзення народа, ювелірныя ўпрыгажэнні і прыклады флаконаў мужчынскіх духоў сусветна вядомага парфумернага дома Amouage, дызайн якіх быў натхнёны ханджарам - традыцыйным аманскім кінжалам. Не застаўся без увагі і комплекс мемарыяльных рэчаў прынцэсы Саіды Сальмы бінт Са'ід аль-Буса'ідзі - першай у свеце шляхетнай арабскай жанчыны, якая апублікавала сваю аўтабіяграфію.
Пасля экскурсіі студэнты змаглі самастойна агледзець экспазіцыю, а таксама наведаць іншыя залы музея, дзе прадстаўлены творы мастацтва беларускіх і замежных майстроў.