Сёння, 20 чэрвеня, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшла ўрачыстая цырымонія выпуску маладых афіцэраў ваеннага факультэта. У гэтым годзе рады афіцэрскага корпуса Рэспублікі Беларусь папоўніў 21 лейтэнант.
>Цяперашні, 16-ты выпуск у гісторыі факультэта першы, калі лейтэнанцкія пагоны нароўні з хлопцамі прымералі дзяўчаты. Усяго дыпломы аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы атрымаў 21 выпускнік: 18 спецыялістаў па тылавым забеспячэнні войскаў і 3 спецыялісты па фізічнай падрыхтоўцы ваеннаслужачых. Ззаду ў рабят гады вучобы, палявых выхадаў і паспяхова здадзеныя дзяржаўныя іспыты. Сёння маладыя лейтэнанты прынялі Кодэкс Гонару афіцэра і гатовы адправіцца на месцы сваёй службы ў самыя розныя рэгіёны нашай краіны.
Віншуючы выпускнікоў, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка падкрэсліла дзяржаўную значнасць падзеі:
Сёння свята не толькі для Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, але і для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых воінскіх фарміраванняў. Свята, таму што сёння мы выпускаем у самастойнае жыццё лейтэнантаў, неабходных для нашых войск службаў – службы тылавога забеспячэння і фізічнай падрыхтоўкі вайскоўцаў. Як вядома, без добрай фізічнай падрыхтоўкі і надзейнага тылу перамог не бывае. Сёння я з гонарам гляджу на маладых людзей, якія выбралі гэтую прафесію мэтанакіравана і свядома, выбралі яе ў няпросты час. Вы малайцы!
Адмысловай падставай для гонару гэтага выпуску сталі выдатнікі вучобы. Так, залатых медалёў і дыпломаў з адзнакай ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы ўдастоены лейтэнант Вікторыя Яроміна і лейтэнант Яўген Хадарцэвіч.
Высокі ўзровень падрыхтоўкі курсантаў і ўнікальнасць гэтага выпуску адзначыў ганаровы госць мерапрыемства – першы намеснік начальніка тылу – начальнік штаба тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Аляксандр Масолаў:
– Таварышы лейтэнанты, сёння Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў чарговы раз прыўзняў планку. Колькі разоў гучала слова «ўпершыню»: упершыню 2 залатыя медалі, упершыню выпускаюцца дзяўчаты-афіцэры, упершыню сямейныя пары адпраўляюцца на службу! Мы чакаем вас у нашых калектывах аднадумцаў па забеспячэнні ваеннай бяспекі нашай дзяржавы. Адназначна падставім плячо спачатку, і, я думаю, служба ваша пойдзе так, як трэба. Са святам!
Асабліва сімвалічна, што першы ў гісторыі выпуск дзяўчат-афіцэраў адбыўся ў Год беларускай жанчыны:
– Нашы дзяўчаты-лейтэнанты сваёй упартасцю ў вучобе і ў фізічнай падрыхтоўцы паказалі прыклад не толькі студэнткам іншых факультэтаў, але і курсантам, з якімі разам вучыліся. У іх, як у любой беларускай жанчыне, сканцэнтраваны тыя абсалютна розныя, але такія адзіныя якасці - сіла духу і пяшчота, упартасць і імкненне да хатняга агменю, – з цеплынёй адзначыла Ірына Кітурка.
Самі маладыя лейтэнанты прызнаюцца, што гады навучання праляцелі на адным дыханні. Аднак вопыт, веды і практычныя ўменні, атрыманыя за 4 гады на ваенным факультэце, сталі надзейнай апорай у іх далейшай адказнай службе на карысць і працвітанне роднай Беларусі. Сваімі эмоцыямі падзялілася лейтэнантВікторыя Яроміна:
–Курсанты старэйшых курсаў нам казалі: «Запамінайце гэтыя моманты, таму што час праляціць вельмі хутка, і вы не заўважыце, як станеце афіцэрамі» І вось я стаю зараз тут і разумею, наколькі гэтыя словы праўдзівыя. Праляцела ўсё як адно імгненне. Вельмі шмат чаму факультэт нас навучыў, выхаваў афіцэрскія якасці, многія навыкі прышчапіў, з якімі мы ў далейшым будзем ісці па жыцці.
А лейтэнант Барыс Бараноўскі, які атрымаў размеркаванне ў 11-ю асобную механічную брыгаду ў Слоніме, з упэўненасцю глядзіць у сваю прафесійную будучыню:
– Чатыры гады мы атрымлівалі і асвойвалі новыя прафесійныя веды, якія зараз спатрэбяцца нам на службе. Я думаю, у нас усё атрымаецца, бо ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуюць найлепшыя, самыя прафесійныя выкладчыкі і кіраўнікі. Менавіта яны падрыхтавалі нас да таго, каб з гонарам выконваць абавязак перад Радзімай і абараняць яе.
Завяршыла сваё віншаванне Ірына Кітурка шчырымі пажаданнямі:
– Дарагія сябры, дарагія калегі! Сёння хочацца пажадаць добрай дарогі нашым афіцэрам, нашым лейтэнантам, і павіншаваць іх з прысваеннем першага воінскага звання. Няхай ваша служба праходзіць толькі пад мірным небам. Мы шчыра ганарымся вамі! Але ніколі не забывайце, што ў вас заўсёды ёсць яшчэ адна хата – гэта ваша alma-mater, ваш Купалаўскі ўніверсітэт.
Прыгожым і кранальным фіналам афіцыйнай цырымоніі сталі святочнае шэсце афіцэраў і традыцыйны лейтэнанцкі вальс.