23 чэрвеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшло пашыранае паседжанне прыёмнай камісіі. Падчас мерапрыемства быў зацверджаны каляндар працы прыёмнай камісіі, удзельнікі абмеркавалі асаблівасці паступлення, а таксама арганізацыю прыёму замежных студэнтаў.
Удзельнікамі пасяджэння сталі дэканы факультэтаў, члены прыёмнай камісіі і адміністрацыя Купалаўскага ўніверсітэта на чале з рэктарам Ірынай Кітурка. У пачатку сустрэчы Ірына Фёдараўна адзначыла, што прыёмная кампанія – адзін з самых важных этапаў у жыцці ўніверсітэта, калі яшчэ да пачатку навучання можна пагутарыць з абітурыентамі.
Галоўнай тэмай пасяджэння стала інфармацыйнае і нарматыўна-метадычнае забеспячэнне прыёму. З дакладам на дадзеную тэму выступіў адказны сакратар прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы Авак Вартанян. У пачатку свайго выступлення ён адзначыў маштаб праведзенай работы ў рамках прафарыентацыі.
Адзначым, што ў 2026 годзе ў Купалаўскі ўніверсітэт плануецца залічыць 2314 першакурснікаў на 56 спецыяльнасцяў. На дзённую форму навучання выдзелена 1807 месцаў (з іх 1202 – за кошт бюджэту і 605 – на платнай аснове). На завочную поўную форму навучання было выдзелена 90 месцаў (30 бюджэтных, 60 платных), а на завочную скарочаную – 417 месцаў, з якіх 237 бюджэтных і 180 платных.
У ходзе пасяджэння ўдзельнікам падрабязна расказалі аб асаблівасцях паступлення па пяці асноўных траекторыях, якія могуць выбраць будучыя студэнты: удзел у шматпрофільнай універсітэцкай алімпіядзе, паступленне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, паступленне ў рамках агульнага набору, а таксама паступленне выпускнікоў профільных класаў па сумоўі і ўладальнікаў атэстата асаблівага ўзору або дыплома з адзнакай.Абмяркоўваючы дадзеную тэму, Авак Міхайлавіч адзначыў новаўвядзенне 2026 года пры паступленні на завочную поўную форму навучання: цяпер для залічэння як на бюджэт, так і платную форму абітурыентам неабходна мець не менш як 10 месяцаў агульнага стажу работы, а не па выбранаму напрамку. Таксама Авак Міхайлавіч згадаў асаблівасці прыёму асобных катэгорый абітурыентаў на пэўныя спецыяльнасці і асаблівасці паступлення грамадзян Расійскай Федэрацыі.
Прыём дакументаў на мэтавую падрыхтоўку пачнецца 27 чэрвеня, як і прыём дакументаў ад пераможцаў універсітэцкай алімпіяды, а таксама абітурыентаў, якія паступаюць для атрымання паглыбленай вышэйшай адукацыі. Асноўны этап падачы дакументаў распачнецца 12 ліпеня.