З 29 чэрвеня па 10 ліпеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы праходзіла шматпрофільная летняя школа «Купалаўскі старт». На працягу двух тыдняў удзельнікі актыўна наведвалі факультэты, удзельнічалі ў майстар-класах ад выкладчыкаў, праходзілі псіхалагічныя трэнінгі і правяралі свае веды ў конкурсных іспытах.
На цырымоніі закрыцця школы прысутнічала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Фёдараўна Кітурка. «Мы ўлічылі прапановы мінулага года. У гэтым годзе, акрамя тэсціравання, мы арганізавалі паскораныя курсы па прадметах, якія ўваходзяць у вучэбную праграму ўніверсітэта. Гэтыя два тыдні навучання былі сапраўды займальнымі. Хачу падкрэсліць, як мы любім наш універсітэт. Мы імкнемся зрабіць усё магчымае, каб вы адчулі сябе адной купалаўскай сям'ёй», – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Рэктар урачыста падзякавала педагогам за ўклад у развіццё ўдзельнікаў і ўручыла выпускнікам школы дыпломы і сертыфікаты.
Варта нагадаць, што сёлета слухачамі летняй школы сталі 23 навучэнцы сярэдняй школы № 7 імя А. І. Барычэўскага горада Ваўкавыска.
Сваімі ўражаннямі пасля заканчэння навучання падзяліліся дзве дзесяцікласніцы гэтай жа ўстановы адукацыі. Віталіна Лыдкіна распавяла: «У «Купалаўскім старце» я ўдзельнічаю ўжо другі год. Кожны раз, калі я прыязджаю сюды, атрымліваю неверагодныя эмоцыі, таму што Купалаўская ВНУ – гэта сапраўды ўніверсітэт тваіх магчымасцяў. Асобна варта адзначыць узаемадзеянне выкладчыкаў з намі. Для нас гэта неацэнны фундуш у развіццё, таму што такія сустрэчы моцна ўплываюць на нас і наш наступны выбар. Самай яркай, запамінальнай падзеяй стала сустрэча з Ірынай Фёдараўнай, на якой мы падвялі вынікі двухтыднёвага навучання. Для мяне гэта быў кранальны і незабыўны момант».
Кацярына Грасевіч таксама падзялілася набытым досведам: «Купалаўскі ўніверсітэт падарыў мне велізарны досвед. Я пазнаёмілася з выкладчыкамі, навучылася працаваць у камандзе і атрымала шмат новых ведаў. Кожны ўрок быў вельмі цікавым – асабліва фізіка». Дзяўчына дала параду школьнікам, якія толькі задумваюцца аб удзеле ў праекце: «Я абавязкова раю наведаць «Купалаўскі старт». У вас будзе выдатная магчымасць даведацца пра навучанне ва ўніверсітэце, пазнаёміцца з факультэтамі, іх спецыяльнасцямі, выкладчыкамі і студэнтамі, а таксама раскрыць сябе і паказаць свой патэнцыял».
Летняя школа завяршылася, але для рабят яна стала толькі пачаткам вялікага шляху ў свет навукі і студэнцтва. Наперадзе ў іх – новы навучальны год, а значыць, і новыя магчымасці, якія адкрывае Купалаўскі ўніверсітэт.