17 верасня Рэспубліка Беларусь адзначае адно з самых галоўных сваіх святаў – Дзень народнага адзінства, які з'яўляецца сімвалам згуртаванасці і гістарычнай справядлівасці. Традыцыйна ў гэты дзень беларусы ўшаноўваюць памяць тых, хто не шкадуючы сіл працаваў, каб зрабіць нашу краіну адзінай. Аддаць даніну павагі загінуўшым сабраліся і гродзенцы.
Урачысты мітынг, прысвечаны Дню народнага адзінства, прайшоў у Гродне на Кургане Славы. Тут сабраліся кіраўніцтва абласнога цэнтра, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, ветэраны, моладзь, а таксама жыхары і госці горада. Сярод удзельнікаў таксама былі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Васіль Сянько.
Варта адзначыць сімвалічнасць месца правядзення мітынгу, бо мемарыяльны комплекс «Курган Славы» створаны не толькі ў памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, але і ў гонар тых, хто змагаўся за ўз'яднанне Заходняй Беларусі і БССР.
Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых герояў хвілінай маўчання, а потым усклалі кветкі і вянкі да падножжа Кургана Славы.