У ГрДУ імя Янкі Купалы працягваюцца насычаныя мерапрыемствы фестывалю-конкурсу «Сямейны калейдаскоп». Праграма творчага марафону накіравана на папулярызацыю традыцыйных сямейных каштоўнасцей, умацаванне ўзаемаразумення і згуртаванне моладзі.
Фестываль стартаваў 15 кастрычніка з яркай прэзентацыі каманд, дзе ўдзельнікі прадставілі назвы, дэвізы і ўнікальныя гербы сваіх будучых студэнцкіх сем'яў. Свае тэарэтычныя веды, эрудыцыю і разуменне асноў выхавання рабяты прадэманстравалі падчас займальнай інтэлектуальнай віктарыны «Сямейны код».
Сёння, 16 кастрычніка, конкурсная праграма перайшла ў актыўную фазу. Студэнцкім парам трэба было прыняць удзел у дынамічнай гульні па станцыях «Сямейны компас». Згодна з правіламі квэста, удзельнікі перамяшчаліся па кропках, указаных у маршрутных лістах. На кожнай лакацыі рабятам неабходна было праявіць максімум крэатыву: зрабіць арыгінальную фатаграфію і адшукаць схаваныя літары, з якіх у фінале складалася зашыфраваная фраза. Сумесны пошук аптымальных маршрутаў і генерацыя ідэй для фотасесій дапамаглі парам стаць яшчэ бліжэй адзін да аднаго.
Наперадзе канкурсантаў чакае абарона творчых праектаў у рамках конкурсу відэаролікаў «Аб сямейных традыцыях», а таксама дэманстрацыя прадпрымальніцкага патэнцыялу ў намінацыі «Сямейны бізнес». Віншуем удзельнікаў з паспяховым праходжаннем спартыўна-інтэлектуальнага этапа і жадаем удачы ў фінальных выпрабаваннях фестывалю!