Фінал творчага спаборніцтва пройдзе на кафедры журналістыкі 30 лістапада.
Алімпіяда па журналістыцы традыцыйна праходзіць у два этапы. Першы (завочны) этап - адборачны, ён прадугледжваў выкананне навучальных і кантрольных тэстаў. Да 1 лістапада рабятам трэба было выканаць навучальныя тэставыя заданні, якія складаюцца з 20 пытанняў, а з 2 па 3 лістапада - кантрольны тэст, які ўключаў у сябе 10 пытанняў. Выкананне тэставых заданняў ажыццяўлялася ў форме электроннага тэсціравання ў рэжыме online. Ацэньванне адказаў навучальнага тэста праводзілі члены журы, а кантрольнага - адбывалася аўтаматычна пры праходжанні тэста.
Адзін з арганізатараў алімпіяды, дацэнт кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Хвясько, адзначыла:
- У гэтым годзе была пададзена рэкордная колькасць заявак - 120, таму было прынята рашэнне адабраць у вочны этап не 30, а 50 удзельнікаў, каб даць магчымасць праявіць сябе найбольшай колькасці рабят.
Фінальны этап у вочным фармаце правядуць на кафедры журналістыкі Купалаўскага ўніверсітэта 30 лістапада. Удзельнікам трэба будзе напісаць сачыненне і падрыхтаваць вусны выступ на зададзеную тэму.
Па выніках правядзення вочнага этапа журы вызначыць пераможцаў і прызёраў алімпіяды і ўзнагародзіць іх дыпломамі I, II, III ступені, а ўдзельнікам, якія вызначыліся, уручыць дыпломы ў намінацыях "Лепшы завочны этап", "Лепшае эсэ" і "Лепшае вуснае выступленне". Алімпіяда праводзіцца з мэтай выяўлення і развіцця ў абітурыентаў творчых здольнасцей і цікавасці да журналістыкі і новых медыя, папулярызацыі ведаў у медыйнай галіне і стварэння неабходных умоў для падтрымкі адораных навучэнцаў.