Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы экалогіі – 2025» штогод збірае вучоных, экспертаў, студэнтаў і прадстаўнікоў прыродаахоўных арганізацый для абмеркавання важнейшых экалагічных праблем сучаснасці і пошуку найбольш эфектыўных шляхоў іх вырашэння. У гэтым годзе мерапрыемства праходзіла 2-3 кастрычніка.
У рамках канферэнцыі абмяркоўваліся вынікі даследаванняў вучоных з Беларусі, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Рэспублікі Комі РФ, Зімбабвэ і Кітая, прысвечаныя тэарэтычным і практычным аспектам выкарыстання і павышэння ўстойлівасці атмасферных, водных і глебавых рэсурсаў ва ўмовах змянення клімату. Таксама разглядаліся пытанні захавання біяразнастайнасці, уплыву фактараў навакольнага асяроддзя на біялагічную актыўнасць арганізмаў і ўдасканаленне метадаў экалагічнага маніторынгу.
Адмысловая ўвага была нададзена захаванню біяразнастайнасці і ахове прыродных рэсурсаў. Навукоўцы прадэманстравалі вынікі сваіх даследаванняў у галіне аховы жывёльнага і расліннага свету і прапанавалі новыя падыходы да ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
Першы дзень канферэнцыі быў прысвечаны пленарным дакладам, таксама быў праведзены круглы стол «Экалагічная адукацыя і асвета ў інтарэсах устойлівага развіцця». Яго мадэратарам выступіла дацэнт кафедры экалогіі Вольга Крамлёва. У другі дзень канферэнцыі прайшла работа секцый «Маніторынг і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Экалагічная біяхімія, фізіялогія і медыцына» і «Устойлівае выкарыстанне і ахова жывёльнага і расліннага свету».
У рамках секцый прайшлі ажыўленыя дыскусіі і абмен досведам паміж даследнікамі. Удзельнікі выступілі з дакладамі па перспектыўных напрамках навуковых даследаванняў у галіне расліннага і жывёльнага свету, закранаючы даследаванні флоры, расліннасці і фауны. Абмяркоўваліся пытанні выкарыстання сучасных біятэхналогій у вырошчванні раслін, уплыў экалагічных фактараў на рэсурсныя характарыстыкі раслін, праблемы вывучэння эпіфітных супольнасцяў, маніторынг і захаванне рэдкіх біятопаў, перспектыўныя напрамкі дэндрахраналагічных даследаванняў і інш.
На секцыях паспрабавалі свае сілы і адпрацавалі навыкі публічных выступленняў студэнты факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта. Маладыя даследчыкі атрымалі магчымасць прадставіць вынікі сваіх навуковых работ, пазнаёміцца з дасягненнямі вядучых вучоных і ўстанавіць карысныя кантакты.
Таксама ў рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел вучоныя з розных навуковых арганізацый і ўстаноў: Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, ДПУ «Белавежская пушча», ДПУ «Азёры», Віцебскі дзяржаўны БДУ «Федэральны навуковы цэнтр біялагічнай аховы раслін», Сыктыўкарскі лясны інстытут, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэхналагічны інстытут, Політэхнічны інстытут Харарэ (Зімбабвэ), «Інстытут праблем экалогіі і нетракарыстання Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан» (Татарстан) і інш.
Суарганізатарамі ХХ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя праблемы экалогіі – 2025» выступілі Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Гродзенскі дом навукі і тэхнікі ГА «БелНТС» і Гродзенская абласная навукова-тэхнічная бібліятэка.