Адкрыты дыялог з купалаўцамі на тэму «Асноўныя напрамкі і прыярытэты развіцця дзяржаўнай навуковай, навукова-тэхнічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2026 – 2030 гг. і на перспектыву да 2040 года» адбыўся 17 кастрычніка.
Нагадаем, з мая 2025 года Уладзімір Каранік быў назначаны Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На гэтай пасадзе ён упершыню сустрэўся з навуковай грамадскасцю ГрДУ імя Янкі Купалы для абмеркавання перспектыўных напрамкаў навуковых даследаванняў і ўмацавання супрацоўніцтва паміж акадэміяй і ўніверсітэтам.
Удзельнікамі сустрэчы з дзеючым Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімірам Каранікам сталі члены прафесарскага сходу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, вучоныя ў розных галінах, маладыя вучоныя, студэнты, якія праявілі сябе ў навуковай дзейнасці і маюць публікацыі.
Адкрыла мерапрыемства рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. Прадстаўляючы госця, яна падзякавала яму за візіт і адзначыла, што Уладзімір Каранік часта сустракаўся з калектывам універсітэта, калі ўзначальваў выканкам Гродзенскай вобласці:
– Уладзімір Сцяпанавіч – чалавек, які ў кожнай пасадзе праводзіць, як ён кажа, не рэвалюцыйныя, але эвалюцыйныя змены. Ён заўсёды стаяў на перадавых рубяжах нашай краіны ў вырашэнні актуальных задач. Менавіта Уладзімір Сцяпанавіч быў Міністрам аховы здароўя ў той час, калі наша краіна сустрэлася з незразумелай і небяспечнай для ўсяго свету пандэміяй ковіда. А ўзначальваючы Гродзенскую вобласць, ён імкнуўся, каб рэгіён ва ўсіх напрамках займаў лідзіруючыя пазіцыі. Упэўнена, сённяшні візіт Уладзіміра Сцяпанавіча ў наш універсітэт – упершыню ў якасці Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – стане каталізатарам развіцця Купалаўскай навукі.
Звяртаючыся да навуковай грамадскасці ўніверсітэта, Уладзімір Каранік адзначыў, што на сённяшні момант значэнне навукі і адукацыі пераацаніць дастаткова складана, і так было заўсёды:
– Падчас выступу ў адной са школ на лінейцы 1 верасня мне ўспомніўся адзін факт. Калі першы касманаўт паляцеў у космас, у многіх узнікла пытанне, як краіна, якая яшчэ не адышла ад наступстваў страшнай вайны, падрыхтавала касманаўтаў. Адказ просты: нягледзячы на ўсе цяжкасці, краіна вельмі шмат укладала ў адукацыю і навуку. І сёння нашай дзяржавай і асабіста Прэзідэнтам вялікая ўвага ўдзяляецца навуцы і адукацыі. Мы захавалі фундамент, які нам застаўся ад вялікай краіны. Адкрытых лічбаў, напэўна, знайсці дастаткова складана. Але многія даследчыкі паказваюць на тое, што навукаёмістасць ВУП Савецкага Саюза была 4%. І гэта шмат. На сённяшні момант навукаёмістасць Кітая знаходзіцца на ўзроўні 2 працэнты. Многімі савецкімі напрацоўкамі мы карыстаемся да гэтага часу.
У красавіку 2025 года ў Беларусі быў падпісаны Указ нумар 135, які зацвярджае прыярытэтныя напрамкі навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці краіны на 2026-2030 гады. Да іх адносяцца лічбавыя тэхналогіі і ШІ, прамысловыя і біялагічныя тэхналогіі, аграпрамысловы комплекс і бяспека. Гэты ўказ накіраваны на забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту і канкурэнтаздольнасці Беларусі ў бліжэйшую пяцігодку.
Пералічваючы актуальныя навуковыя напрамкі, Уладзімір Сцяпанавіч адзначыў, што кампетэнцыі ва ўсіх гэтых напрамках у беларускіх вучоных ёсць:
– Наша задача зараз знайсці таленавітых людзей і забяспечыць ім магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял. Я і на нарадзе Кіраўніка дзяржавы сказаў, што мая задача стварыць умовы, каб мы ніводнага спецыяліста, які можа зазірнуць за гарызонт, не страцілі, і нават крыху прыўзнялі і расчысцілі яму кругагляд, каб ён мог бачыць далей і ў поўнай меры рэалізаваць свой патэнцыял.
У фармаце «адкрыты мікрафон» удзельнікі мерапрыемства змаглі задаць Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пытанні, якія цікавяць. Яны датычыліся мер стымулявання маладых вучоных, далейшых шляхоў развіцця беларускай навукі, месца і ролі гуманітарных навук сярод іншых акадэмічных навук, развіцця навуковых лабараторый на факультэтах, балансу паміж акадэмічнай і прыкладной навукай.
Адзначым, цяпер Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць конкурс «100 маладых талентаў» з мэтай прыцягнення і замацавання таленавітай моладзі ў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах, стварэння маладзёжных навукова-даследчых груп і амаладжэння кадравага складу навуковых арганізацый, забеспячэння пераемнасці паміж вучонымі розных пакаленняў.
Па словах Уладзіміра Караніка, аб'яўлены конкурс – гэта толькі адзін з напрамкаў дзейнасці ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў. Навуковая распрацоўка, якая выйграе конкурс, будзе ўбудавана ў сістэму дзяржаўных праграм, атрымае фінансаванне і неабходную дапамогу для рэалізацыі.
– Такім чынам мы ствараем базу для таго, каб нашы вучоныя змаглі зазірнуць за гарызонт, як таго патрабуе Кіраўнік дзяржавы і наш сучасны час. Але гэта толькі адзін з напрамкаў. На самой справе ў нашай краіне выбудаваны ўвесь тэхналагічны ланцужок: ідэя – фундаментальныя даследаванні – прыкладныя даследаванні – укараненне. Цяпер актыўна прапрацоўваецца дакумент аб венчурным фінансаванні высокарызыкоўных праектаў, – адзначыў Уладзімір Сцяпанавіч.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы актыўна займаецца навуковай дзейнасцю і прызнаны адным з вядучых універсітэтаў Беларусі, займаючы трэцяе месца ў абноўленым рэйтынгу Webometrics сярод беларускіх ВНУ ў 2024 годзе. У 2019 і 2023 годзе па выніках навукова-даследчай працы Купалаўскі ўніверсітэт быў занесены на Рэспубліканскую Дошку Гонару ў намінацыі «Навуковая арганізацыя». Навукова-даследчая работа праводзіцца на кафедрах і ў навуковых цэнтрах універсітэта, Навукова-тэхналагічным парку і з'яўляецца неад'емнай часткай адукацыйнага працэсу, рыхтуючы кваліфікаваных спецыялістаў у розных галінах. Да навуковых напрамкаў з цікавасцю прыцягваюцца студэнты і маладыя вучоныя. Напрыклад, на кафедры электратэхнікі і электронікі ГрДУ імя Янкі Купалы сёння перспектыўнымі напрамкамі з'яўляюцца аўтаматызацыя спектральных вымярэнняў і аўтаматызацыя вытворчых працэсаў, у тым ліку з выкарыстаннем штучнага інтэлекту і машыннага зроку.
– У цяперашні час мы працуем па чарговым кантракце з Рэспублікай Казахстан, распрацоўваючы дастаткова ўнікальную ўстаноўку, якая выкарыстоўваецца пры выкананні навуковых даследаванняў у Акцюбінскім рэгіянальным універсітэце імя К. Жубакова. Хацелася б адзначыць, што гэта ня першы наш кантракт з Рэспублікай Казахстан. Мы рэалізавалі за апошнія гады сем кантрактаў, распрацаваўшы ўстаноўкі, аналагаў якіх практычна на прасторах СНД не існуе. І калі казаць пра аб'яўлены конкурс у рамках дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, то мы сумесна з ААТ «Гомсельмаш» падалі заяўку, якая датычыцца распрацоўкі сістэм аўтаматызацыі для забеспячэння бяспекі эксплуатацыі сельскагаспадарчай тэхнікі на палях. Спадзяемся, што нас падтрымаюць, – расказаў загадчык кафедры электратэхнікі і электронікі Андрэй Герман.
Плённы дыялог са Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімірам Каранікам завяршыўся на прыемнай ноце. Госцю ўручылі памятны падарунак – фотаальбом "Фотамаменты і фотагісторыі: Уладзімір Каранік у Купалаўскім універсітэце".