У мінулыя выхадныя ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбыўся заключны этап шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды. Традыцыйна жадаючыя паспрабаваць свае сілы ў інтэлектуальным спаборніцтве сабраліся з розных куткоў Беларусі.
У заключным этапе 8 профільных алімпіяд, якія прайшлі 22 і 23 лютага, прынялі ўдзел 328 абітурыентаў, якія жадаюць стаць часткай вялікай і дружнай Купалаўскай сям'і без уступных іспытаў.
Як адзначыў першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі, правядзенне алімпіяды супала з юбілеем універсітэта.
– Спадзяемся, што святочная атмасфера, якая панавала ў корпусе, дапамагла рабятам. У цэлым, як і заўсёды, былі створаны неабходныя ўмовы для камфортнага праходжання алімпіядных выпрабаванняў, – расказаў Аляксандр Карэўскі.
Больш за ўсё ўдзельнікаў заключнага этапу было ў алімпіядах па матэматыцы – 97 чалавек, па англійскай мове – 87, па біялогіі: для спецыяльнасцей факультэта біялогіі і экалогіі – 36 удзельнікаў, для педагагічных спецыяльнасцей – 34 чалавекі.
У заключным этапе шматпрофільнай алімпіяды прынялі ўдзел абітурыенты з усіх абласцей Беларусі. Найбольшая колькасць удзельнікаў заключнага этапа была з Гродна – 48,17%, Гродзенскай вобласці – 33,84%, з Брэсцкай вобласці – 8,23%, з Мінскай вобласці – 4,27%. З Гомельскай вобласці было 7 удзельнікаў, з Мінска – 5, з Магілёўскай і Віцебскай абласцей – па 2 удзельніка. Былі ўдзельнікі нават з Расіі – двое хлопцаў вырашылі паспрабаваць свае сілы ў шматпрофільнай алімпіядзе менавіта Купалаўскага ўніверсітэта.
З вынікамі алімпіяды кожны ўдзельнік мог азнаёміцца ў Лічбавым кабінеце абітурыента з 10.00 на наступны дзень пасля напісання алімпіяды. Інфармацыя аб пераможцах будзе аб'яўлена 27 лютага пасля 15.00 на сайце abit.by.