Сёння, 14 кастрычніка, у рамках «Тыдня бацькоўскай любові» ў ГрДУ імя Янкі Купалы пачаўся фестываль-конкурс «Сямейны калейдаскоп». Мэтай конкурсу стала фарміраванне ў моладзі сямейных каштоўнасцей і папулярызацыя інстытута сям'і ў студэнцкім таварыстве.
Адкрыў фестываль цёплымі словамі прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Васіль Сянько. Затым пачаўся самы адказны этап – лёсаванне па фармаванні пар. Студэнты выпадковым чынам выцягвалі нумары, і ў каго супадаў нумар – станавіліся парай. Затым удзельнікаў чакаў конкурс «Знаёмства па-сямейнаму». У рамках гэтага конкурсу студэнцкія пары павінны былі падрыхтаваць прэзентацыю сваёй каманды – назву, дэвіз, сімвалічны «герб» і правілы шчаслівай пары – і прадставіць яе.
На працягу тыдня ўдзельнікаў чакаюць цікавыя конкурсы: віктарына «Сямейны код», дзе ўдзельнікам прапануюць адказаць на пытанні аб сям'і, выхаванні і каштоўнасцях, гульня па станцыях «Сямейны компас» і конкурс відэаролікаў «Пра сямейныя традыцыі».
21 кастрычніка пройдзе падвядзенне агульных вынікаў фестывалю-конкурсу, дзе абяруць самую лепшую студэнцкую пару.