У суботу, 4 кастрычніка, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы расчыніў свае дзверы для старшакласнікаў у рамках праекта "Універсітэцкая субота". Мерапрыемствы на факультэтах дазволілі школьнікам пагрузіцца ў свет будучых прафесій.
На факультэце біялогіі і экалогіі ўдзельнікамі прафарыентацыйнай сустрэчы сталі навучэнцы Ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М. Астроўскага г. Гродна і гімназіі № 9 імя Ф.П. Кірычэнка г. Гродна. Супрацоўнікі і студэнты кафедры экалогіі расказалі гасцям аб спецыяльнасцях факультэта, падрабязна спыніўшыся на спецыяльнасці "Экалогія". Школьнікі даведаліся, чым займаюцца спецыялісты па экалогіі, што такое экалагічны маніторынг і ацэнка якасці асяроддзя. Таксама яны змаглі задаць пытанні і паўдзельнічаць у экалагічных даследаваннях.
На педагагічным факультэце сустрэча са школьнікамі прайшла ў гульнявой форме. Тут адбылася квэст-гульня «Педагагічны лабірынт», якая аб'яднала каля 70 навучэнцаў старэйшых класаў са школ горада і раёна. Перамяшчаючыся па станцыях і выконваючы інтэрактыўныя заданні, старшакласнікі знаёміліся са спецыяльнасцямі факультэта, правяралі і ўзбагачалі свае веды аб педагагічнай прафесіі і з першых вуснаў даведваліся аб насычаным студэнцкім жыцці.
Не менш цікава прайшло мерапрыемства на інжынерным факультэце. У гонар дня машынабудаўніка для навучэнцаў сярэдняй школы №36, гімназіі №3 імя А.І. Соламавай г. Гродна і гімназіі № 9 імя Ф.П. Кірычэнка г. Гродна быў праведзены інтэлектуальна-пазнавальны квіз. У пачатку мерапрыемства з прывітальным словам да гасцей звярнуўся старшы выкладчык кафедры машынабудавання і тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў Павел Шупан. Праграму працягнулі студэнты другога курса. З невялікай перавагай перамогу ў квізе атрымала каманда навучэнцаў "Фізматыкі" гімназіі № 3 імя А.І. Соламавай г. Гродна. Пераможцы атрымалі дыплом, сувенірную прадукцыю ўніверсітэта і сертыфікаты на ўдзел у музычным лато «Мелодыё». Астатнім удзельнікам мерапрыемства падарылі салодкія прызы.