29 верасня ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася канферэнцыя, прымеркаваная да Дня настаўніка, які ў нашай краіне адзначаць ужо гэтымі выхаднымі.
Сярод удзельнікаў мерапрыемства - Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, народны настаўнік Беларусі, настаўнік матэматыкі гімназіі № 1 г. Ліды Альфрэд Ладыка.
Спікеры абмеркавалі важнасць і запатрабаванасць прафесіі настаўніка, перспектывы для маладых спецыялістаў у сферы адукацыі, пагаварылі аб зменах у школьных праграмах і шмат іншага. Прааналізавалі ўдзельнікі мерапрыемства і партрэт сучаснага настаўніка, параўнаўшы яго з партрэтам настаўніка некалькі гадоў таму. Таксама эксперты адказалі на актуальныя пытанні, якія паступілі ў анлайн-фармаце.
Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка расказала аб выніках уступнай кампаніі гэтага года, а таксама адзначыла прэстыж прафесіі настаўніка. Таксама Ірына Фёдараўна звярнула ўвагу на магчымасці для тых, хто паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, скончыўшы педагагічныя класы.
У завяршэнне прэс-канферэнцыі Міністр адукацыі павіншаваў педагогаў з надыходзячым святам і пажадаў натхнення, невычэрпнай энергіі і ўдзячных вучняў.