11 кастрычніка Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы зноў напоўніўся сотнямі галасоў школьнікаў і іх бацькоў, якія сталі ўдзельнікамі чарговай «Універсітэцкай суботы». На гэты раз прафарыентацыйныя мерапрыемствы правялі факультэт мастацтваў і дызайну, факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэт біялогіі і экалогіі і факультэт матэматыкі і інфарматыкі.
На факультэце мастацтваў і дызайну школьнікі пагрузіліся ў працэс навучання. Старшы выкладчык кафедры выяўленчага мастацтва Ала Каляга правяла для будучых абітурыентаў пазнавальную экскурсію па навучальных аўдыторыях і творчых майстэрнях факультэта, дзе навучаюцца студэнты спецыяльнасці "Мастацкая адукацыя". Падчас экскурсіі школьнікі не толькі даведаліся, як праходзіць навучанне, але і пазнаёміліся з напрамкамі падрыхтоўкі студэнтаў-мастакоў, даведаліся пра перспектывы прафесійнага росту, магчымасці творчай рэалізацыі і асаблівасці паступлення на факультэт.
Экскурсію для гасцей арганізаваў і факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму. Школьнікаў правялі па корпусе, паказалі кабінеты спецыяльнасцей, а таксама галоўны гонар – выставы факультэта.
Затым будучым абітурыентам прэзентавалі кожную спецыяльнасць факультэта, падрабязна расказаўшы пра навучальны працэс і перспектывы працаўладкавання, а таксама расказалі пра самыя значныя мерапрыемствы факультэта і універсітэта, якія напаўняюць студэнцкае жыццё яркімі фарбамі.
Факультэт біялогіі і экалогіі ў рамках «Універсітэцкай суботы» правёў маштабную анлайн-лекцыю «Уводзіны ў спецыяльнасць "Біяінжынерыя і біяінфарматыка"», якая сабрала больш за 100 чалавек з 26 школ і гімназій Гродна, раёна і вобласці. Яе спікерам стала загадчыца кафедры хіміі і біятэхналогіі, кандыдат біялагічных навук Лізавета Узлова. У сваім выступленні яна расказала аб уступнай кампаніі і асноўных напрамках даследаванняў у галіне біяінжынерыі і біяінфарматыкі. Таксама Лізавета Вузлова адзначыла запатрабаванасць прафесіі біяінжынера-біяінфарматыка не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Завяршылася лекцыя адказамі на пытанні юнакоў і іх бацькоў.
У прафарыентацыйным мерапрыемстве факультэта матэматыкі і інфарматыкі прынялі ўдзел навучэнцы 10 класаў сярэдняй школы № 41 імя А.М. Кузняцова горада Гродна. Студэнты пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак са спецыяльнасцямі факультэта, а таксама вучэбным і пазавучэбным студэнцкім жыццём. У час сустрэчы школьнікам не толькі прадэманстравалі распрацоўкі студэнтаў факультэта, але і прапанавалі паспрабаваць кіраваць змяёй-робатам і прыняць удзел у распрацоўцы камп'ютарнай гульні. Таксама перад будучымі абітурыентамі выступіў дэкан факультэта Андрэй Праневіч, падрабязна расказаўшы пра нюансы ўступнай прыёмнай кампаніі.
Падобныя прафарыентацыйныя мерапрыемства, як «Універсітэцкая субота», з'яўляюцца важным крокам для старшакласнікаў у выбары прафесіі. Яны не толькі даюць магчымасць пазнаёміцца з універсітэтам і цікавым напрамкам, але і ўжо зараз адчуць атмасферу студэнцкага жыцця.