Гарадскі фолк-конкурс “Гарадзенская Беларусачка” праводзіцца 1 раз у 2 гады ў г. Гродна.
Мэтамі і задачамі Конкурсу з’яўляюцца: адраджэнне беларускіх нацыянальных традыцый; развіццё і папулярызацыя народнай творчасці ў розных яе праяўленнях, далучэнне да нацыянальнай культуры, стварэнне трывалай зацікаўленасці да духоўнай спадчыны продкаў; знаходжанне і адлюстраванне спалучэння сучасных і традыцыйных элементаў культуры як спосабу духоўна-культурнага ўплыву на сучасную моладзь.
Фолк - конкурс «Гарадзенская Беларусачка» - гэта ўнікальны ў сваім родзе конкурс, бо ён не з'яўляецца конкурсам прыгажосці. Галоўныя крытэрыі ацэнкі ўдзельніц - нацыянальная самасвядомасць, веданне беларускіх традыцый, культуры, валоданне роднай беларускай мовай.
У 2019 годзе прыгажуні прадстаўлялі сябе праз конкурс творчых відэавізітовак, здзіўлялі журы творчымі нумарамі і сваімі праэктамі, распавядалі пра беларускіх міфічных істот у тэатральных міні-пастаноўках, дэманстравалі веданне нацыянальнай беларускай кухні, дэфілявалі ў народных касцюмах, аформілі ўласную выставу. У выніку ўладальніцай васільковай кароны і тытула «Гарадзенская Беларусачка - 2019» стала Маргарыта Сецько, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, таксама Маргарыта стала “Міс глядацкіх сімпатый”.